Першы азербайджанска-беларускі слоўнік рыхтуецца да выдання ў Баку

12 января 2017

Беларусы і азербайджанцы хутка змогуць разумець адно аднаго з паўслова. Першы азербайджанска-беларускі слоўнік рыхтуецца да выдання ў Баку. Над складаннем навуковай кнігі працуюць лінгвісты Бакінскага славянскага ўніверсітэта і філолагі педуніверсітэта імя Максіма Танка. Двухмоўны слоўнік стане яшчэ адным крокам у збліжэнні двух народаў. Летась выйшаў у друк першы беларуска-азербайджанскі слоўнік.

Васіль Старычонак, дэкан БДПУ імя М. Танка, аўтар першага беларуска-азербайджанскага слоўніка: 

"Слоўнік ствараўся хутка. Над ім працавала цэлая група беларускіх аўтараў: тры прафесары, 5 кандыдатаў навук, - такіх слоўнікаў няма, гэта адзіны. Такога ж кшталту ў Азербайджане слоўнік будзе выдадзены сёлета, азербайджанска-беларускі. Там мы вывяралі ўсе беларускія адпаведнасці, а нашы калегі- азербайджанскія".

У слоўніку – амаль дванаццаць тысяч слоў. Асобныя раздзелы прысвечаны беларускім і азербайджанскім народным святам, культурным асаблівасцям, побыту і фальклору.