Старажытная тэхніка пэчварк набывае сучасную інтэрпрэтацыю

18 января 2022

Пэчварк, квілтынг і вышыўка. У старажытнасці нашы прабабулі гэтыя віды рукадзельнага майстэрства называлі проста - лапікавае шыццё і машынны ці ручны шывок. Сёння кожны майстар мае індывідуальныя сакрэты, абапіраючыся на нацыянальны вопыт сваёй краіны. Майстар-клас, дзе старажытныя тэхнікі набываюць сучасную інтэрпрэтацыю, наведала Ларыса Гулякевіч.

Свае сподкі і талеркі Лідзія Святкіна вырабляе са звычайнай вяроўкі ці шнура, абкручаных тканінай. Тэхніку лапікавага шыцця (пэчварк) яна асвоіла, пераасэнсавала і ўвасобіла ў аўтарскіх творах мастацтва. Напрыклад, яе адмысловыя тэкстыльныя сервізы дададуць утульнасці і ўпрыгожаць любы дом.

Яркасць і якасць тканіны таксама маюць значэнне! Любімыя колеры - блакітны ў спалучэнні з карычневым і жоўтым.

Тканіну для пэчварку - лапікавага шыцця - Лідзія выкарыстоўвае выключна новую. Выбірае ў спецыяльным магазіне пярэстыя колеры пэўнай якасці. Ніткі таксама павінны быць рознакаляровыя.

Для Лідзіі Святкінай вырабы з абрэзкаў, вяроўкі і нітак - не толькі сурвэткі, посуд ды посцілкі. Асаблівае захапленне ў стылі пэчварк - стыльныя сумкі. У іх аздабленні Лідзія выкарыстоўвае шывок - своеасаблівае маляванне іголкай. Тэхніка мае назву трапунта - аб'ёмныя узоры.

У куфры Лідзіі Святкінай ёсць бабулін абрус, якому гадоў сто. Акуратна зроблены выварат, без вузельчыкаў - прыклад бездакорнага майстэрства. Сакрэты ж рукадзелля майстар пераняла ад сваёй маці.

Яшчэ ў спадчыну Лідзіі дасталася выкрайка з часопіса "Радзіма" 1894 года. Класічны немудрагелісты ўзор майстар пераносіць на сучасныя вырабы. Гэтай серыі сумак дала адпаведную назву "Са стагоддзя ў стагоддзе". 

Надзея Растворцава - майстар з 20-гадовым стажам. Вядзе курсы па квілтынгу і пэчварку. Лічыць, што гэтыя віды рукадзелля - своеасаблівы фітнес для мышцаў спіны і рук. Галоўнае - як у спорце: спачатку займацца не больш чым 30-40 хвілін на дзень. 

Сама Лідзія Святкіна з Валагодскай вобласці Расіі. Вучылася ў Ленінградскім політэхнічным інстытуце, па размеркаванні прыехала ў Беларусь, якая стала для майстра другой радзімай і месцам натхнення для творчых эксперыментаў у новых тэхніках рукадзелля.