Сумная навіна прыйшла сёння з Расіі

14 июня 2018

Раніцай не стала вядомага рэжысёра - Станіслава Гаварухіна. Народны артыст памёр у падмаскоўным санаторыі "Барвіха" пасля працяглай хваробы. Яму было 82. Яго імя яшчэ пры жыцці было ўпісана залатымі літарамі ў энцыклапедыю не толькі савецкага, але і сучаснага кіно. Адразу пасля заканчэння Усерасійскага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі яго дыпломнай работай стаў фільм "Вертыкаль" - у галоўнай ролі з Уладзімірам Высоцкім. Менавіта гэты тандэм праславіў Гаварухіна на ўвесь Савецкі Саюз. А фільм "Месца сустрэчы змяніць нельга" дагэтуль цытуюць. Працаваў Гаварухін у кіно і ў якасці сцэнарыста, акцёра і прадзюсара. Рэжысёр з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй займаўся не толькі творчасцю - у апошнія гады ён узначальваў Камітэт па культуры Дзярждумы Расіі.

Аляксандр Яфрэмаў, народны артыст Беларусі: "Станіслаў Гаварухін заўсёды ведаў, што трэба здымаць, і не таму што ён ведаў, што трэба гледачу, ён ведаў, што трэба часу, што трэба кіно зараз. Бездакорны прафесіянал. У яго вывераныя сцэнарыі, у яго дзіўна падабраная акцёрская трупа. Я заўсёды ім захапляўся як прафесіяналам. Гэта пакаленне сыходзіць, а нам застаецца толькі шкадаваць і смуткаваць".

Станіслаў Гаварухін - неаднаразовы залаты прызёр Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад". У свой час, менавіта ў беларускую сталіцу рэжысёр прывёз прэм'еру "Варашылаўскі стралок". Двойчы ўзнагароджваўся спецпрызам Прэзідэнта "За гуманізм і духоўнасць у кіно". Станіслаў Гаварухін будзе пахаваны ў суботу на Новадзявочых могілках у Маскве.