Незвычайная экспазіцыя пад адкрытым небам у Вілейскім доме рамёстваў

23 июня 2017

Плот ператварыўся ў фасады сялянскіх хат, на якіх размешчаны ліштвы - драўляныя фігурныя рамы, якімі раней на вёсцы ўпрыгожвалі аконныя і дзвярныя праёмы. Пакуль у выставе драўлянага дойлідства Вілейскага раёна сем экспанатаў, прывезеных з розных населеных пунктаў, аднак у планах стварыць сапраўдную вясковую вуліцу і адлюстраваць у акенцах імправізаваных хат сялянскі побыт.

Расказвае Наталля Кузьміцкая.

Сапраўдныя майстры і майстрыхі - так без перабольшвання можна назваць кожнага, хто працуе ў Вілейскім доме рамёстваў. Святлана Лучнікоўская - майстар-самавучка. За некалькі гадоў з нуля пачала распісваць яйкі да Вялікадня. Зусім нядаўна асвоіла ўнікальную тэхніку пляцення знакамітых у Вілейскім краі талуцкіх паясоў.

Ганчарства, ткацтва, саломапляценне - майстры ахвотна захоўваюць народныя рамёствы. Апошнім часам пачалі займацца этнаграфіяй. Здзейснілі невялікую экспедыцыю па вёсках і мястэчках раёна, адкуль прывезлі чарговыя экспанаты - драўляныя ліштвы.

Яшчэ ў якасці навуковага супрацоўніка Ксенія Альфер пачала працаваць над стварэннем першага ў Беларусі Музея ліштвы. У межах праекта «Цэнтр устойлівасці вёскі, ці Мясцовыя праблемы вырашаем разам» атрымалася сабраць 6 аўтэнтычных экспанатаў і аб'яднаць іх у адмысловую выставу пад адкрытым небам.

Цікава, што вясковыя жыхары, калі і мяняюць вокны на шклопакеты, старыя ліштвы пакідаюць на сваім месцы. Сёння захаваліся нават даваенныя асобнікі, па якіх можна вывучаць гісторыю беларускага дойлідства.

У планах Дома рамёстваў - пашырыць пакуль невялічкую выставу да імправізаванай вясковай вуліцы. Каб захаваць працу самабытных майстроў мінулай эпохі.