Нацыянальны мастацкі музей працягвае працу над стварэннем арт-комплексу ў Мінску

6 апреля 2020
Выставачныя павільёны, сховішчы мастацтва, рэстаўрацыйныя майстэрні - усё гэта змесціць у сабе музейны квартал у самым сэрцы сталіцы на вуліцах Кірава, Леніна і Маркса. І хоць будаўнічыя працы працягваюцца, навуковыя супрацоўнікі ўжо занепакоеныя тым, што ж будзе выстаўлена ў новых залах. Зараз вядзецца праверка стану палотнаў з фонду рускага мастацтва. 

Падрабязнасці - у Іны Пілевіч.

У Нацыянальным мастацкім музеі правяраюць захаванасць маштабных прац

Нацыянальны мастацкі музей узяўся за раскрутку рускага мастацтва савецкай эпохі. І размова не аб прасоўванні і рэкламе твораў, а ў прамым сэнсе раскачванні арт-рулона.
Гэтыя палотны ніколі не бачыў сучасны глядач. Ды і для многіх экспертаў сёння - прэм'ера твораў рускіх класікаў Герасімава, Самахвалава, Салаўёва, Мальцава. Апошні раз карціны прэзентавалі на пасляваеннай выставе індустрыі і сацыялізму ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. У вестыбюлі Нацыянальнага мастацкага музея - упершыню. Так праходзіць планавы агляд стану буйных твораў, якія захоўваюцца на валах. 
Палотны датаваныя 30-50-мі гадамі мінулага стагоддзя. Згорнутыя, без падрамнікаў, яны трапілі ў Мінск адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны, калі практычна зноўку фарміравалася разрабаваная калекцыя. Маштабным працам было складана знайсці месца на сціплых плошчах музея. Свайго выхаду ў святло яны ўжо якое дзесяцігоддзе чакаюць у фондах. У мэтах прафілактыкі спецыялісты аглядаюць іх раз за некалькі гадоў. 

Цімафей Палунін,  рэстаўратар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі:
"Рэстаўратар у гэты момант аналізуе, ці могуць яны так далей захоўвацца. Ці неабходныя нейкія тэрміновыя рэстаўрацыйныя ўмяшанні. Альбо аглядаць захаванасць".
 

Усе працы для архіва музея фіксуе фатограф 

Асвяжыць уражанні ад прац і запомніць убачанае дапамагае фатограф. Усе працы фіксуюць для архіва музея.

Усяго ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея парадку 7 падобных валаў. 

Сёння прайшоў агляд савецкага рускага мастацтва, на чарзе беларускі сацыялістычны рэалізм. 
Перш, чым трапіць у экспазіцыю, палотнам трэба прайсці рэстаўрацыю. Гэта стане магчымым толькі пасля здачы будынка музейнага квартала на Кірава. Там ужо абсталююць майстэрні, дзе спецыялісты змогуць заняцца аднаўленнем маштабных прац.