Нацыянальная тэатральная прэмія напярэдадні падвядзення вынікаў

28 ноября 2014

Сёння перадапошні конкурсны дзень трэцяга Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва. На фінішы чатыры творчыя калектывы з рэпертуарнай інтрыгай - дзве п'есы беларускіх аўтараў супраць пастановак сусветнай класікі. Што ўразіла журы больш за ўсё, ведае Наталля Бардзілоўская.


Нягледзячы на пятніцу ў журы сёння дзень не скарочаны. Чатыры спектаклі-канкурсанты. Апоўдні Дзяржаўны рускі тэатр паказаў Аракула паводле пьесы Макаёнка ў пастаноўцы Барыса Луцэнкі. А ўвечары адразу тры пляцоўкі - на сцэне Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Самазванец Пушкіна ад брэсцкіх лялечнікаў. Дом афіцэраў прымае прыватны Тэатр Ч з драматургіяй Міцкевіча Дзяды, і на галоўнай сцэне краіны - Купалаўскай - у гэтыя хвіліны госці з Гродна.


Ніякай заслоны. Мінімум дэкарацый і тыя ў авангарднай стылістыцы. Паміж трыма дзеямі ніводнага перапынку. Дзевятнаццаць герояў - усе у светлым і нібыта лялькі-марыянеткі, паслухмяныя расповеду каментатара, які нават рэчы па сцэне перасоўвае за іх. Гродзенскі драмтэатр узяўся за Торнтана Уайлдэра. Наш гарадок. За назвай пьесы - туга аўтара па ўтульным і кампактным асяроддзі, дзе паміж людзьмі розных веравызнанняў і нацынальнасцяў мір. Яго так не хапае ў эпоху мегаполісаў, але прысутнічае ў шматнацыянальным Гродне.


Амерыканская класіка адразу ж пасля напісання у 1938 годзе адзначаная самай прэстыжнай нацыянальнай літаратурнай прэміяй ЗША - Пулітцэраўскай. Ставілася па ўсім свеце не толькі прафесійнымі, але аматарскімі і нават школьнымі тэатрамі. На постсавецкай прасторы ўпершыню паказана Маскоўскім мастацкім акадэмічным год таму. Леташняя гродзенская прэм'ера Гарадка Уайлдара - першая на Беларусі. Нягледзячы на тое што дзея твора адбываецца ў амерыканскім штаце Нью-Гемпшыр, нашым суайчыннікам яна падалася актуальнай.


На трэцім Нацыянальным тэатральным конкурсе Гродзенскі рэгіён прадстаўлены двума калектывамі. Лялечная пастаноўка Фаўста Алега Жугжды паралельна з Панам Тадэвушам купалаўцаў адкрыла сёлетнія мастацкія спаборніцтвы. Увогуле, гродзенцы - моцны творчы апанент. Менавіта ім у 2012-м дасталіся галоўныя ўзнагароды ажно ў трох намінацыях: За лепшы спектакль, За лепшую жаночую ролю і За лепшую рэжысуру адзначана Пікавая дама мясцовага лялечнага тэатра.


Заўтра - апошні конкурсны дзень з чатырма паказамі. Зрэшты, па мностве намінацый журы ўжо вызначылася. Напрыклад, вядомыя імёны лепшых сярод музычных тэатральных калектываў. Але, тайна лунае ў паветры. Яшчэ будзе сумеснае падвядзенне вынікаў і афіцыйнае аб'яўленне пераможцаў на ўрачыстай цырымоніі 30 лістапада.