Народны сакральны жывапіс прапанавалі ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі

20 января 2014

Выстава Бог сялянскі, хрысціянскі. Бабіцкая ікона - гэта сумесны праект двух музеяў - Веткаўскага і Чачэрскага. У такім маштабе - а на экспазіцыі прапанавана парадку 40 старажытных помнікаў - народны іканапіс яшчэ не выстаўлялі.


Алена Борматава вывучала феномен Бабіцкай іконы.


Бабіцкая ікона для саміх мастацтвазнаўцаў - з'ява загадкавая. Пра яе загаварылі толькі напрыканцы 90-ых, і да сённяшняга дня няма дакладнага навуковага абгрунтавання. Нягледзячы на тое, што ў некаторых гістарычных артыкулах усё ж з'явілася паняцце Бабіцкай школы, пра яе можна гаварыць толькі фармальна. Гэта адна з гіпотэз.


Да сённяшняга часу дакладна немагчыма вызначыць межы Бабіцкай школы. Вядома толькі, што вёскай Бабічы Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці яна не абмяжоўвалася. Такія рысы сакральных твораў сустракалі і ў Веткаўскім, і Кармянскім, і Буда-Кашалёўскім раёнах.


У Бабіцкай іконы - свае каноны. Тут мы амаль не бачым німба над святымі. Вельмі шмат бялілаў і дастаткова тонкае напісанне лікаў. Ніхто і ніколі не дэманстраваў Спаса Уседзяржыцеля побач з Багародзіцай. І Варвару кананічна падавалі маладой. Бабіцкія ж іканапісцы святую малююць сталай і мудрай жанчынай.


Найбольшы ўплыў на ўніяцкі і каталіцкі жывапіс беларускіх земляў аказала, як ні дзіўна, творчасць Веласкеса. Узорамі для тагачасных майстроў служылі гравюры з еўрапейскімі шэдэўрамі і творчасць італьянскіх майстроў, запрошаных графам Чарнышовым - уладальнікам Чачэрска - для аздаблення заснаваных ім храмаў.


У экспазіцыі - амаль 40 старажытных народных помнікаў. Гэта абразы, якія ў музейныя фонды трапілі не з цэркваў і касцёлаў, а з сялянскіх хат.


Галіна Нячаева, дырэктар Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р.Шклярава: Мы спрабавалі сабраць як фальклорныя тэксты, так і акалічнасці абрадаў, звязаных з гэтымі абразамі. Абрад Клець падчас вяселля або благаславенне маладых. Усё суправаджаецца аўнтэнтычнымі тэкстамі, атрыманымі ад носьбітаў гэтай традыцыі.


Абрады запісаны на ручніках побач з абразамі. Ды і музейныя залы максімальна наблізілі да сялянскіх покуцяў, з інтэр'ерамі народных беларускіх хат.