Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны ў Маладзечне прайшоў баль

20 февраля 2015

У Беларусі працягваюць аднаўляць традыцыі. Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны ў Маладзечне прайшоў баль. У вальсе, паланэзе і мазурцы закружыліся 200 афіцэраў са сваімі дамамі. Адным з галоўных патрабаванняў да прэтэндэнтаў стаў дрэс-код: парадная форма для мужчын і вячэрнія сукенкі для жанчын. Танцавальныя такты развучыла і наш карэспандэнт Дар'я Бігун.

На афіцэрскім балі Анатолій Радзіч з жонкай Аленай упершыню. Дагэтуль вальсіравалі хіба што толькі на вяселлі. А дзеля гэтай імпрэзы маладая пара з Барысава акрамя вальса развучыла мазурку і паланэз.

Як і любая жонка лейтэнанта, Алена марыць стаць жонкай генерала. Дзеля гэтага падтрымлівае мужа, з разуменнем ставіцца да абранай прафесіі.

Афіцэрскі баль у Маладзечне ладзяць другі раз. Разам са сваімі дамамі прыйшлі прадстаўнікі 80-ці ваенных фарміраванняў Мінскай вобласці.

Віктар Сірэнка, намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама: "У гісторыі Беларусі ёсць тое, што трэба берагчы і трэба памятаць. Тое, да чаго мы ставімся з павагай. Гэта, безумоўна, армія. Мы цэнім тых людзей, якія берагуць нас, берагуць нашы сем'і і будуць стаяць за нашу Радзіму да канца.

Абавязковая ўмова – бездакорны выгляд, адпаведны дрэс-коду. Парадны кіцель, аксельбант, белыя пальчаткі для афіцэраў, для жанчын вячэрнія сукенкі.

Вальс, паланэз, контрданс, мазурка. Традыцыя ладзіць балі з’явілася ў Беларусі яшчэ ў XVII стагоддзі. Абавязковым атрыбутам была і застаецца бальная карта танцаў.

Парадная форма не адзінае патрабаванне для ўдзельнікаў балю. Не менш важны момант – бездакорнае выкананне ўсіх танцавальных па. Іх пары на працягу месяца адточвалі з прафесійнымі харэографамі.

Арганізатары афіцэрскага балю запэўніваюць: такія ўрачыстыя сустрэчы да Дня абаронцаў Айчыны стануць традыцыйнымі. Не выключана, што вопыт Мінскай вобласці падтрымаюць астатнія.