На тыдні развіталіся з беларускім кампазітарам Ігарам Лучанком

18 ноября 2018

На тыдні не стала найвялікшага меладыста сучаснасці, беларускага кампазітара Ігара Лучанка. Народнаму артысту СССР і Беларусі было 80.

У жніўні маэстра адзначыў свой юбілей, у верасні стаў удзельнікам вялікага творчага вечара ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. У пачатку лістапада ў яго здарыўся інсульт, пасля якога Лучанок быў шпіталяваны. Пасля аперацыі каля двух тыдняў знаходзіўся ў рэанімацыі. У ноч з 12 на 13 лістапада Ігара Міхайлавіча не стала.

Цяжар гэтай страты перажывалі не толькі сям'я і сябры кампазітара... Уся краіна. Спачуванні ў сувязі са смерцю народнага артыста ў Беларусь ляцелі літаральна з усіх куткоў былога СССР, не будзе перабольшаннем сказаць - з усёй планеты. Лучанка ведалі і любілі ва ўсім свеце. Музыкант быў адным з першых, хто ўдастоіўся даверу прадстаўляць вялікую савецкую дзяржаву за мяжой. Асабісты сябар Чэ Гевары і Фідэля Кастра. Чалавек, які адкрыў Амерыку "Песнярам".

Энтузіяст, які праехаў уздоўж і папярок увесь Саюз. Ён жыў разам са сваёй краінай, у рытме яе гістарычных перамен і вялікіх падзей, паспяваючы сумяшчаць уласную кампазітарскую творчасць з палітычнай і грамадскай дзейнасцю, паездкамі па краіне, з рэктарствам у Беларускай акадэміі музыкі. Асоба, якая стаяла ля вытокаў такіх нацыянальных форумаў, як фэст мастацтваў у Віцебску, свята песні і паэзіі ў Маладзечне, "Залаты шлягер у Магілёве". Выпускнік трох кансерваторый, майстар буйных акадэмічных форм, усенародную любоў і давер розных пакаленняў Лучанок набыў сваімі песнямі. Іх у Ігара Міхайлавіча больш як паўтысячы.

"Вераніка", "Алеся", "Жураўлі на Палессе ляцяць", "Спадчына", "Полька беларуская" - аднолькава пераканаўчы і ў лірыцы, і ў патрыятычным жанры, Лучанок - аўтар шлягераў, якія праспявалі Лешчанка і Кабзон, Ратару і Талкунова, "Сябры", "Верасы" - самыя яркія зоркі савецкай і беларускай эстрады.

Асаблівая старонка творчасці Лучанка - яго тандэм з Уладзімірам Мулявіным і ВІА "Песняры". Кампазітар на ўсе часы, класік, аўтар, які адкрыў беларускую самабытнасць іншым народам, чалавек вялікага адкрытага сэрца - сёння як ніколі мы разумеем і перажываем гаркату яго сыходу…