"Музычная гасцёўня" ў Белдзяржфілармоніі штогод сустракае музыкай Новага года

28 декабря 2021

Ад класікі Моцарта і Баха да музыкі кіно Тарывердзіева і Цфасмана. Пра Новы год у нотах расказалі ў Белдзяржфілармоніі. Штогод праект "Музычная гасцёўня" да святаў рыхтуе навагодні хіт-парад. Што сёлета трапіла ў плэй-ліст - на рэпетыцыях і канцэрце даведалася  Ларыса Гулякевіч.

Зімовы святочны настрой разам з айчыннымі і замежнымі кампазітарамі. Ад маленькай елачкі ў джазавым варыянце да сур'ёзных твораў Іагана Себасцьяна Баха - святочны навагодні канцэрт у Белдзяржфілармоніі!

"Навагоднія сюрпрызы" ад "Музычнай гасцёўні"  бываюць толькі раз. Трапіць у навагодні праект - вялікая адказнасць. Сюды запрашаюць як прызнаных мэтраў, так і зусім маладых і крэатыўных музыкантаў. У сёлетняй праграме сола на габоі ў творы Марчэла выконваў  Фёдар Громаў - навучэнец гімназіі-каледжа пры Акадэміі музыкі. 

Мастацкі кіраўнік і піяністка Таццяна Старчанка запрашае ў сваю "Музычную гасцёўню" прафесійных сяброў- музыкантаў з розных тэатраў і калектываў сталіцы. 

У сёлетняй праграме "Навагодніх сюрпрызаў" як прэм'еры, так і музычныя хіты з савецкіх кінафільмаў, такіх як "Іронія лёсу", "17 імгненняў вясны" і іншых кінастужак з саўндтрэкамі ад легендарных кампазітараў Тарывердзіева і Цфасмана . 

У навагодняй праграме гучалі творы беларускіх і замежных кампазітараў, класікаў і сучаснікаў. А завяршыўся канцэрт парафразам , дзе музыка Дворжака, Моцарта і Чайкоўскага вельмі гарманічна перапляталася з "маленькай елачкай" і народнымі песнямі.