Музей Вялікай Айчыннай вайны рыхтуецца да адкрыцця

17 июня 2014
Сведак тых ваенных падзей з кожным годам становіцца ўсё менш, а таму яшчэ больш важна захаваць і перадаць будучым пакаленням усю ваенную спадчыну, якая дайшла да нашых дзён. Менавіта такая задача стаяла перад тымі, хто працаваў над стварэннем маштабнага праекта - музея Вялікай Айчыннай вайны. Яшчэ перад пачаткам будаўніцтва Кіраўнік дзяржавы заклаў капсулу з пасланнем нашчадкам. І вось праз чатыры гады - напярэдадні святочнай даты - музей адчыніць свае дзверы для наведвальнікаў. Там у 10-ці новых залах, нарэшце, цалкам размесцяцца ўсе музейныя фонды, якія да гэтага часу былі недаступныя шырокаму колу гледачоў.

Наш карэспандэнт Аляксандр Харавец ужо пазнаёміўся з архіўнымі экспанатамі. Параднае аблічча новага будынка Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны даведзенае да глянцу. Зараз асноўная праца ў экспазіцыйных залах, большасць з якіх ужо практычна гатовыя.
Экскурсія па музеі пачынаецца з залы Мір і вайна. Тут наведвальнікі пачуюць песню на вершы Расула Гамзатава Жураўлі, а вось на гэтым медыяшары, які пакуль закрыты ад пылу, убачаць беларускія краявіды. Пераход жа да наступнай экспазыцыі здзяйсняецца праз сімвалічныя Холмскія вароты Брэсцкай крэпасці, якія прынялі першы ўдар вайны.
На плошчы ў 15 тысяч квадратных метраў 10 выставачных залаў і 142 тысячы экспанатаў. Ад даваенных дзён і лютых баёў да ўзняцця сцяга над рэйхстагам і аднаўлення ўсёй краіны.
Ганна Галінская, намеснік дырэктара Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны: Гэта адна з залаў - Свет напярэдадні і ў першыя гады Другой сусветнай вайны. Узнікненне гэтай залы выклікана было неабходнасцю паказаць прычыны Другой сусветнай вайны і ў той жа час адлюстраваць гісторыю Беларусі даваенную. Сацыяльнае, культурнае, тое жыццё, якое 22 чэрвеня 1941-га года было разбуранае.
Самаходныя артылерыйскія ўсталёўкі, гаўбіцы, грузавыя аўтамабілі ваенных гадоў, самалёты і, вядома ж, танкі. Усяго 2 дзясяткі размясціліся ў зале Дарога вайны. Да легендарнага Т-34, які тараніць нямецкі танк, у мастака музея Аляксандра Бранцава асаблівае стаўленне. Баявая машына ўдзельнічала не ў адным баі. І нават сёння 70-гадовы экспанат на хаду.
Гэтая баявая машына - дакладная копія І16 або па-простаму Мухі. Такіх знішчальнікаў да вайны выпусцілі парадку 7 тысяч. Сёння захаваліся толькі адзінкі.
У суседняй зале вырас партызанскі лагер. Тут вельмі хутка з'явяцца зброевая майстэрня, кухня, санчасць і зямлянка камандзіра атрада, дзе байцы рыхтуюцца да чарговай аперацыі.
А вось так паказаная дыверсія на чыгунцы, праведзеная партызанамі падчас рэйкавай вайны. Дарэчы, гэты макет вагона створаны ў натуральную велічыню і па ўсіх канонах вагонабудавання ваенных гадоў.
Госці музея не проста ўбачаць вайну на свае вочы, але і, прайдучы праз усе залы, пагрузяцца ў мінулае. Сучасныя аўдыя і відэа дапамогуць здзейсніць падарожжа ў часе.
Першымі экспазіцыйныя залы ўбачаць ветэраны. Наведаць новы музей яны змогуць у дні святкавання 70-годдзя вызвалення Беларусі. Менавіта тады плануецца афіцыйнае адкрыццё.