Маштабную праграму для дзяцей падчас летніх канікул падрыхтавала Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка

6 июля 2023

Гэта ўжо не проста "храм літаратуры", але культурны і асветніцкі цэнтр, які запрашае хлопчыкаў і дзяўчынаў розных узростаў на забаўляльныя чытанкі, майстар-класы па народных рамёствах і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, на выставы і конкурсы. Чым барысаўскія бібіліятэкары заахвочваюць дзятву - у рэпартажы Наталлі Бардзілоўскай!

Алёна Роўба - вядомы спец па ляльках і аўтар унікальнай цацачнай калекцыі - праводзіць экскурсію для дзятвы са школьнага лагера. Штодзённа такія экскурсіі заходзяць у гэты - не пакой, а цэлую залу, якую Барысаўская бібліятэка вылучыла "пад лялькі". Пару месяцаў таму ўстанова прымала выставу цацкі і, уразіўшыся, тут вырашылі пакінуць лялечны збор сабе! Бібліятэка дала памяшканне і прапанавала Алене быць у ім гаспадыняй. Так з'явілася "Лялечная альтанка", вядомая на ўвесь Барысаў і не толькі.

У "Альтанцы" - з тысячу лялек. Нават калекцыйныя, рэдкія - іх даюць патрымаць малым, а з іншымі і пагуляць.

У арт-цэнтры можна зрабіць ляльку сваімі рукамі, сюды чакаюць і дзяцей, і іх бацькоў, каб па-сямейнаму, разам людзі займаліся творчасцю.

Між іншым, творчы тандэм "бабуля-ўнук" ці "матуля і сынок" у бібліятэцы падтрымалі яшчэ адным праектам: у галерэі "З'ява" адкрылі выставу з 80 выяўленчых работ, аўтарам якіх ад чатырох да шасцідзесяці.  "Чароўных фарбаў колер" - назва праекта. Большасць работ - усё ж дзіцячыя, ад юных ўдзельнікаў студыі "Пэндзлікі" гарадскога палаца культуры.

Ад бесклапотных вобразаў кветачак, сабачак і коцікаў да сур'ёзных патрыятычных тэм, звязаных з нашай гісторыяй. Пейзажы, нацюрморты, партрэты і жанравыя карціны. Гуаш, акварэль і акрыл. Відавочна, усё падуладна пэндзлям творчых барысаўчан. 

У "Пэнздлікаў" нават ёсць свой своеасаблівы статут: па-першае, сюды прымаюць любога ахвочага без асаблівай мастацкай падрыхтоўкі, па-другое, холпчыкі і дзяўчынкі самаўвасабляюцца ў любых тэхніках, любых жанрах. І трэцяе - вобразная сфера таксама вольная. Адным словам, пішу тое, што хачу.

Большы і больш адказны творчы палёт - ад удзельнікаў праекта "Шагалаўцы".  Дзеці аматарскага аб'яднання "Палітра" пісалі "а-ля" Марк Шагал. Праект да 135-годдзя з дня нараджэння знакамітага ўраджэнца Віцебска быў конкурсным, аб'яднаў дзясяткі ўдзельнікаў, у выніку - 17 самых яскравых работ увайшлі ў выставу.

Некалькі дзясяткаў праектаў і праграм прапануе бібліятэка дзецям. Этнаасветніцкія і па фінансавай пісьменнасці, экалагічныя і па правілах бяспекі. Адным словам, сумаваць юным барысаўчанам некалі. Па адрасе Чапаева, 3 іх чакаюць круглы год!