Легендарнай "Паўлінкі" магло не быць! Але здарылася рамантычная гісторыя

7 августа 2022

2022-гі, Год гістарычнай памяці, адзначаны мноствам знакавых для Беларусі падзей. Размова пра падставы і даты, якія не падагнаць пад каляндар. Напрыклад, у 2022-м мы ўспамінаем тых, без каго амаль немагчыма ўявіць беларускае нацыянальнае мастацтва слова - яны сфарміравалі "мужыцкую мову" ў літаратурную беларускую.

Янка Брыль, Пімен Панчанка, Алесь Адамовіч, Цішка Гартны і, вядома, нашы класікі - Максім Танк, Якуб Колас і Янка Купала. Дарэчы, сёлета мы святкуем юбілей не толькі самога першага народнага паэта Беларусі - Купалы, але і некаторых яго хрэстаматыйных твораў. "Паўлінка" паміж радкамі ў сюжэце Вольгі Мядзведзь.

Сюжэт пачатку XX стагоддзя актуальны сёння, як і 110 гадоў таму. Польская культура так і намагаецца захапіць і змяніць асновы жыцця простых беларусаў. У выніку любоўная трагедыя: галоўная гераіня Паўлінка закаханая ў простага вясковага настаўніка, бацька ж настойвае на іншым жаніху, што ў статусе пана. Аднак Адольф Быкоўскі - хлус і выскачка з нібыта модным польскім акцэнтам - сэрца дзяўчыны так і не пакарыў.

Легендарнай "Паўлінкі" магло не быць. Першапачаткова Янка Купала напісаў толькі лірычнае апавяданне пра каханне з назвай "А вербы шумелі". У аснове ўсё той жа дыялог закаханых, які пазней і лёг у змест п'есы. Чаму аўтар вырашыў адмовіцца ад прозы на карысць драматургічнай формы, так і застанецца загадкай.

Галіна Варонава, вучоны сакратар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы: 

Доўга пра гэтае лірычнае апавяданне было нічога не вядома. Сам рукапіс знаходзіўся ў сшытку з п'есай і захоўваўся ён у беларускім музеі імя І. Луцкевіча ў Вільні.

Сваю першую п'есу народны паэт Беларусі напісаў у Лагойскім раёне ў фальварку Акопы ў 1912 годзе. Тут жа нарадзілася больш за 80 яго вершаў, драма "Раскіданае гняздо", трагікамедыя "Тутэйшыя", рамантычныя паэмы "Бандароўна", "Магіла льва" і іншыя.

Камедыйныя персанажы "Паўлінкі" - гэта рэальныя людзі купалаўскага часу і асяроддзя. Кожнага са сваіх герояў аўтар ведаў асабіста. Жылі яны недалёка ад месца напісання п'есы, у навакольных сядзібах. Так, напрыклад, каларытны пан Быкоўскі спісаны з Павэлка Ваяводскага, што быў у фальварку па суседстве.

Але ж на адной з першых прэм'ер "Паўлінкі" ў Радашковічах у гэтай ганарлівай асобе сябе пазналі, як і многія гледачы, яшчэ і браты Бычкоўскія. Людзі пачалі на іх азірацца ды ўсміхацца нават падчас спектакля. Дарэчы, з-за таго што некаторыя знаёмыя Купалы потым знаходзілі сябе на старонках твораў, усе яны асцярожнічалі з паэтам у размовах ці паводзінах.

Любоўнай інтрызе на старонках любяць прыпісваць не менш рамантычную гісторыю стварэння. Нібыта Янка Купала быў закаханы ў актрысу Паўліну Мядзёлку, а яна ў яго не, і паэт, які пакутваў ад неўзаемнага пачуцця, з Мядзёлкі і напісаў сваю Паўлінку. Аднак гэта толькі выдумкі самой актрысы, якія яна нафантазіравала ў мемуарах. Іншых пацвярджэнняў іх рамана няма: і сябры, і блізкія Купалы аспрэчвалі гэтую інтрыжку.

Галіна Варонава, вучоны сакратар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы: 

Сёння дакладна вядома (дзякуючы ўспамінам малодшай сястры паэта Ганны), што не Паўліна Мядзёлка - правобраз гераіні, а дзяўчына таксама маладая, прыгожая - Ядзя Аблачымская, з хутара Рубеж, што быў прыкладна за 1,5 км ад Акопаў на той жа Лагойшчыне. І Купала цудоўна ведаў і саму Ядзю, і яе бацьку, які стане прататыпам Сцяпана Крыніцкага - Гіляра Аблачымскага.

П'еса “Паўлінка” - хрэстаматыя беларускай мовы. Менавіта ў гэтым творы Купалы ёсць словы і выразы, якія нават не маюць аналагаў у іншых мовах свету. Камедыя шчодра ўпрыгожаная нацыянальным каларытам і народным гумарам.

Вольга Ляшчынская, прафесар кафедры беларускай мовы Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Ф. Скарыны: 

Мова "Паўлінкі", персанажа Паўлінкі, выключна народная мова, дасціпная мова. Возьмем хаця б вобраз той жа Паўлінкі. Даруйце, на 40 старонках тэкста Паўлінка як персанаж выкарыстала амаль 80 фразеалагізмаў, і ніводны з іх не паўтораны.

"Паўлінка" - драматургічны твор Купалы з найбагацейшай тэатральнай гісторыяй. Упершыню яе паставілі літаральна праз паўгода пасля напісання ў Вільні ў прысутнасці самога аўтара. А далей п'есу палюбілі як аматарскія, так і прафесійныя трупы, сцэнкі з тыповага беларускага жыцця ставілі нават далёка за межамі краіны, напрыклад у ЗША. Але культавы спектакль, які амаль восем дзесяцігоддзяў не знікае з рэпертуару, зразумела, у тэатры імя Янкі Купалы. Яго ўвасобілі ў эвакуацыі ў Томску ў 1944 годзе, з таго часу "Паўлінка" - сцэнічная школа для маладых купалаўцаў.

У легендарным спектаклі Льва Ліцвінава канцоўку перапісалі адпаведна жанру. Класічную камедыю Янка Купала нечакана завяршае трагічна. Ніякай надзеі на шчасце галоўнай гераіні. Але ж у пасляваенны час людзям хацелася больш жыццесцвярджальнага фіналу. "Паўлінку" хутка вярнуў на сцэну сам Панамарэнка.

Першай Паўлінкай Купалаўскага тэатра стала народная артыстка Беларусі Раіса Кашэльнікава. Ролю 19-гадовай дзяўчыны яна атрымала, калі ёй самой было ўжо сорак. Яе Паўлінка і ўпершыню заспявала, пад актрысу напісалі вакальную партыю, якая не змянілася да гэтага часу. Дарэчы, у 70-я паводле п'есы знялі поўнаметражны каляровы музычны фільм "Пасля кірмашу", а пазней з'явілася і аперэта Юрыя Семянякі, дзе галоўная роля за прымай Наталляй Гайдай.

"Паўлінка" - тэатральны феномен, пастаноўка Купалаўскага прызнаная нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Яна выходзіла на сцэну больш за 2 600 разоў! І нават у няпростыя часы, калі тэатр знаходзіўся ў прастоі пасля падзей 2020 года, гэта першы спектакль, які вярнулі ў афішу.