Купалаўцы адкрылі юбілейны, соты сезон

21 сентября 2019

Канцэрты, перформансы, сустрэчы са знакамітымі артыстамі, экскурсіі па загадкавым закуліссі. Тэатральны пікнік сёння разгарнуўся ў скверы ля тэатра Янкі Купалы. Падстава важкая. Купалаўцы адкрылі юбілейны, соты сезон.

Пра атмасферу свята Ларыса Гулякевіч. Нягледзячы на халаднаватае і дажджлівае восеньскае надвор'е, атмасфера ў Аляксандраўскім скверы (яго яшчэ называюць Тэатральным) цёплая і творчая. Купалаўскі святкуе адкрыццё сотага сезона. Бадай, гэта ўпершыню ў гісторыі, калі не глядач прыходзіць у тэатр, а тэатр выходзіць да сваіх прыхільнікаў. Наперадзе яшчэ юбілеі: 130-годдзе будынка тэатра і 80-годдзе легендарнага спектакля "Паўлінка".

Персанажы спектакляў у арыгінальных касцюмах з сапраўднымі тэатральнымі дэкарацыямі і рэквізітам спектакляў. Сёння тут можна сустрэць знакамітых акцёраў - купалаўцаў розных пакаленняў. Раскрываліся сёння і таямніцы закулісся. Спецыяльныя экскурсіі для гасцей праводзіліся па тэатральных цэхах: бутафорскім, рэквізітарскім, грымёрным і касцюмерным. Тут у прамым сэнсе нараджаецца і апранаецца ў дэкарацыі спектакль.

Тэатральныя гісторыі і легенды пра сам будынак і яго знакамітасці распавядаў малады пісьменнік Андрусь Горват, паводле кнігі якога сёння прайшла анлайн-трансляцыя спектакля "Радзіва "Прудок" у Тэатральным скверы. З аднаго боку, Купалаўскі ганарыцца сваёй гісторыяй, захоўвае традыцыі, з другога - ідзе ў нагу з часам, выкарыстоўвае самыя новыя тэхналогіі і сучаснае абсталяванне. Білеты прадаюцца праз інтэрнэт.

Канцэрты, перформансы, тэатральныя сустрэчы. Акцёры выконвалі песні і з упадабаных спектакляў пад акампанемент унікальнага купалаўскага аркестра, які таксама з'яўляецца славутасцю тэатра. Сярод сюрпрызаў для прыхільнікаў Мельпамены - кастынг для ўдзелу ў "Паўлінцы". На невялікія ролі ў спектаклі адбіраліся маладыя людзі і дзеці. Завершыцца тэатральны пікнік бліжэй да паўночы праграмай "Будзем танцаваць" з удзелам музычных гуртоў, у склад якіх уваходзяць самі купалаўцы.