Калектыў "Менада" прапанаваў сучаснае харэаграфічнае шоу

23 мая 2016

Джаз-мадэрн, стрыт-дэнс і лаціна-сола - тэатр танца «Менада» гучна завяршае 15 сезон! Творчая справаздача на сцэне канцэртнай залы «Мінск», хутчэй, нагадвала сапраўднае шоу - з сучаснай харэаграфіяй і нават трукамі. Больш за тры дзясяткі нумароў прапанавалі танцоры розных узроставых груп. За віртуознымі і бездакорнымі рухамі  назірала  і Юлія Токар.

Апошнія хвіліны перад выхадам на сцэну маленькія танцоры не трацяць дарэмна. Адточваюць рухі. Некаторым з іх яшчэ няма і 6 гадоў, але яны ўпэўнена адчуваюць сябе на сцэне. Да гэтай творчай справаздачы харэограф Кацярына Паўлік сваіх таленавітых вучняў рыхтавала на працягу года.

Танцавальнай школе «Менада» - 15! Гэта адзін з самых буйных эстрадных калектываў Беларусі. Толькі ў Мінску сучасную харэаграфію асвойваюць больш за дзве тысячы чалавек. Прычым узрост танцораў неабмежаваны. 

Поп-танец, джаз мадэрн, лаціна або джаз-фанк – колькасць танцавальных кірункаў разнастайная. Як і геаграфія міжнародных фестываляў. Дзякуючы якім, танцоры-аматары становяцца сапраўднымі прафесіяналамі.

Праграма выніковага канцэрта - сапраўдная танцавальная феерыя. Акцэнт на трукі, эмоцыі і сінхронныя рухі.

Эстрадны нумар прынята лічыць маленькім спектаклем або шоу са сваёй завязкай, кульмінацыяй і развязкай. Адметныя харэаграфічныя элементы візуальна змяняюць пляцоўку і такім чынам зачароўваюць гледачоў.

 Кожны сезон танцавальны фэст завяршаецца флэшмобам. На сцэну выходзяць амаль 700 танцораў і выконваюць адзіны танец. Па чарзе яго падхопяць у кожным абласным цэнтры - філіялы «Менады»  працуюць ва ўсіх рэгіёнах краіны.