Да вялікага экзамена рыхтуюцца беларускія ўдзельнікі Еўрабачання

5 апреля 2013

Прычым, калі пра конкурс песні ведаюць усе, то пра тое, што беларусы сёлета на Еўрабачанні яшчэ і танцуюць, чулі нямногія. Роўна праз месяц пасля таго як на сцэну ў Мальмё ў першым паўфінале выйдзе Алёна Ланская, у польскім Гданьску на паркет танцавальнага Еўрабачання ступіць Яна Штангей. І гэта будзе наш дэбют на шоу, кожнае па якога пакажа Беларусь 1. Ну а пакуль рэпетыцыі.

Расказвае Ніна Мажэйка. Як трапіла на балетную сцэну, Яна ўжо не памятае. Маці адвяла ў падрыхтоўчыя класы ў чатыры гады. Дзяўчына родам з Украіны. З Харкава. У Мінск прыехала 3 гады таму, каб паступіць у адну з лепшых харэаграфічных навучальных устаноў на постсавецкай прасторы.
Трапіла ў клас да самой Клары Малышавай - народнай артысткі Беларусі, некалі прымы Вялікага тэатра. Пасля знясільвальных заняткаў і шматлікіх конкурсаў разам вырашылі штурмаваць Еўропу.
Танцаваць Яна будзе адну з варыяцый Эсмеральды з аднайменнага балета паводле рамана Гюго Сабор Парыжскай Божай Маці. Танцавальны нумар рыхтаваўся каля года. Для вучэбнай практыкі. Пасля перамогі на міжнародным адборы вырашылі не адмаўляцца ад балетнай класікі на музыку Цэзара Пуні. Клара Мікалаеўна і сама танцавала партыю Эсмеральды ў Вялікім.
Для Беларусі гэты ўдзел у конкурсе дэбютны. Усяго ж на сцэну Дзяржаўнай балтыйскай оперы выйдуць прадстаўнікі дзесяці краін. Усе вывучаюць новаўвядзенні.
Сёлета патрабаванні да ўдзельнікаў часткова змяніліся. На гэты раз змагацца за першае месца будуць выключна сола-выканаўцы. У астатнім жа правілы ранейшыя. Канкурсанты ва ўзросце ад 16 да 21 года павінны мець асноўныя навыкі класічнага балета, але не супрацоўнічаць з прафесійнымі тэатрамі.
Кожны ўдзельнік выканае сольны танец працягласцю 1 хвіліна 30 секунд. У фінале пакажуць групавы нумар. Яго пастаноўкай зоймецца тытулаваны дуэт, харэографы і прадзюсары папулярнага балетнага праекта The Ballet Boyz. А пакуль да конкурсу засталося крыху больш за два месяцы, прадстаўніца ад Беларусі рэпеціруе кожны дзень.
Наперадзе ў Яны дзяржэкзамены і першыя сур'ёзныя выступленні на прафесійнай сцэне. Зараз яна стажор у Нацыянальным акадэмічным тэатры оперы і балета. Задача-мінімум - пакарыць Еўропу.