Да 135-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы

24 января 2017

Святы паэзіі, тэатральна-літаратурныя акцыі, выставы, пошук новых артэфактаў і разгадкі невядомых старонак жыцця і творчасці. Усё гэта - да 135-годдзя са дня нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Святкаванне юбілею беларускага класіка стане міжнародным і ахопіць краіны, звязаныя са старонкамі біяграфіі паэта: Польшчу, Грузію, Украіну, Расію, Славакію. Цэнтрам жа Купалаўскага года стане Мінск, у якім Пясняр пражыў сталыя гады свайго жыцця і дзе напісаў адны з найлепшых сваіх твораў.

Наталля Бардзілоўская - пра самы вядомы і галоўны адрас Купалы ў Мінску.

Вуліцы Юр'еўская, Захар’еўская, Кашарская, Правіянская - мінскія адрасы Янкі Купалы. Але самы вядомы той, які і сёння збірае прыхільнікаў і знаўцаў творчасці Песняра - вось гэтае месца. Сучасная назва - вуліца Янкі Купалы, 4. У даваенныя – вуліца Кастрычніцкая, 36, а потым - 40. З 1927 па 1941 гады тут і жыў Купала, жыў у «доме пад таполяй» альбо «доме адчыненых дзвярэй”.

Менавіта той, «купалаўскай» таполі ўжо няма, але расце маладое дрэўца. На месцы ж дома Купалы - таксама не арыгінальны будынак, з 60-ых - тут музей. У экспазіцыі - некалькі фота і макет: вось так выглядала сапраўднае жыллё паэта. У першыя ваенныя дні 1941-га дом быў ушчэнт разбураны фашысцкімі бамбёжкамі. З Мінска сям’я Луцэвічаў эвакуіравалася ў Ляўкі з адным чамаданам.

На месцы таго папялішча ў вайну размясцілі лагер для ваеннапалонных. Ад руін жа дома захаваліся лічаныя рэчы. Вось яны - рарытэты, якія памятаюць дотык самога Купалы. Ветлівасць жа «салона пад таполяй» - адно з гарадскіх паданняў. Своеасаблівы клуб гарадской інтэлігенцыі - Купалаў дом ніколі не пуставаў.

Не натуральныя, але два галоўныя інтэр’еры рэканструяваны літаральна па дэталях: вось мінскія гасціная і кабінет Купалы. Аўтэнтычны купалаўскі стыль і галаграфічны сюрпрыз. Дзякуючы высокатэхналагічнай праекцыі, наведвальнікаў вітае... сам Пясняр. Унікальнае фота - Купала за шахматамі з Коласам. Гістарычны факт: Іван Дамінікавіч заўсёды выйграваў у Канстанціна Міхайлавіча! Паліто і валёнкі - ад падарожжа Купалы ў Казань. Пяць прыжыццёвых партрэтаў народнага паэта Беларусі. Сёлета, у юбілейны год Купалаў дом, як ніколі будзе ў цэнтры святочных урачыстасцяў.