Іванава прымае Дні беларускага пісьменства

1 сентября 2018

Незабыўны каларыт Палесся і багатая спадчына Іванаўскага краю. Найстаражытнейшы горад Брэстчыны прымае Дні беларускага пісьменства. Гэта ўжо стала традыцыяй - на працягу 20 гадоў эстафета духоўна-асветніцкай акцыі пераходзіць ад аднаго населенага пункта да другога, ствараючы разнаколернае палатно нацыянальных гістарычных і культурных каштоўнасцяў і змяняючы аблічча саміх гарадоў. Іванаўцам ёсць і што паказаць, і што распавесці гасцям з 13 краін. З гэтых месцаў родам Напалеон Орда. Адгэтуль вядзе свае карані род Дастаеўскіх. А "мотыльскія прысмакі" вядомыя далёка за межамі краю. Сёння ў цэнтры падзей у Іванаве ўвесь дзень знаходзілася наша здымачная група.

І на прамую сувязь са студыяй выходзіць Вольга Мядзведзь.

Нягледзячы на тое, што асноўныя мерапрыемствы і, уласна кажучы, сам Дзень пісьменства толькі заўтра, сёння прайшлі ўжо некалькі дзясяткаў акцый, канцэртаў, выставак, прэзентацый і шмат яшчэ чаго цікавага. Увогуле, цэнтральная частка Іванава стала пешаходнай і больш нагадвае горад майстроў. Але аб усім па парадку!

Па вуліцы Савецкай размешчаны асноўныя лакацыі для народных гулянняў. Спачатку гасцей Дня пісьменства сустракае першая своеасаблівая кнігарня, якая адкрылася сёння раніцай.

Далей, на цэнтральнай плошчы, разгарнуўся фестываль кнігі і прэсы. Гэта выставачныя павільёны, дзе ў святочныя выхадныя ёсць унікальная магчымасць пагутарыць з сучаснымі аўтарамі, патрымаць у руках свежыя выданні, прыняць удзел у аўтограф-сесіях і ўбачыць, як ствараліся кнігі некалькі стагоддзяў таму. У Іванаўскім цэнтры культуры з паўдня адкрыліся выставы, прысвечаныя помнікам беларускага пісьменства з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі. А радкі з твораў класікаў нашай літаратуры даносяцца з балконаў горада ад мясцовых паэтаў.

Кніга - як сімвал свету, які аб'ядноўвае! Недалёка ад Іванава, у вёсцы Варацэвічы, на малой радзіме выдатнага беларускага дзеяча, мастака, кампазітара Напалеона Орды, адбыўся круглы стол літаратараў. Прадстаўнікі з 13 краін свету, у тым ліку ўпершыню з Расіі, Казахстана, Кыргызстана і далёкага Эквадора, абмеркавалі актуальныя праблемы з бязмежнага сусвету мастацкай літаратуры.

Пасля соцень кіламетраў да цэнтра Дня беларускага пісьменства дабралася навукова-асветніцкая акцыя "Дарога да святыняў". Яна стартавала некалькі дзён таму ў Мінску і наведала больш за дзясятак гарадоў. Урачыстым шэсцем і хрэсным ходам сустрэў горад Іванава паломнікаў з рэліквіямі - Жыватворным агнём ад Гроба Гасподняга і абразом Божай Маці

Зараз мы знаходзімся на фінале рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў "Жывая класіка". А ўжо заўтра ў цэнтры горада адбудзецца прэзентацыя памятнага знака ў гонар юбілейнага Дня пісьменства. Дарэчы, ён ужо стаў папулярнай фотазонай для гасцей. Каля паўдня вуліцы Іванава запоўніць урачыстае шэсце, якое прывядзе да галоўнай сцэны і цырымоніі адкрыцця. Заўтра ж даведаемся імёны ўладальнікаў нацыянальнай літаратурнай прэміі.