Гісторыя школы - гісторыя жыццяў

17 октября 2015

А першая музычная - адзін з сімвалаў культурнай сталіцы. Летапісныя альбомы Брэсцкай дзіцячай музычнай школы № 1 захоўваюць памяць пра Дзмітрыя Шастаковіча, Мікалая Аладава, Яўгена Цікоцкага і іншых знакамітых гасцей. Добра ведаюць і ў Беларусі, і за мяжой яе выпускнікоў. Адзін з іх - Аляксандр Саланінка - сёння ўжо дырэктар першай музычнай. Колькі дзён таму атрымаў званне заслужанага дзеяча культуры Беларусі. Гісторыя адной з самых старэйшых школ краіны ў рэпартажы Таццяны Болтуць.

Калі Аляксандр Саланінка стаў дырэктарам, было яму амаль трыццаць. Сам - выпускнік гэтай жа школы, аддаў плённай працы шмат гадоў. Сёння Брэсцкая музычная школа № 1 - адна са старэйшых і лепшых у Беларусі. Калісьці тут было адно аддзяленне і вучылася крыху больш за паўсотні дзяцей. Зараз - больш за паўтысячы.

Сёння школа ганарыцца сваімі выпускнікамі. Народныя артысты Беларусі Эдуард Ханок і Валерый Кучынскі. Піяніст і мастацкі кіраўнік міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета Расціслаў Крымер, спявак і кампазітар Ігар Карнялюк. Усе яны - выхаванцы брэсцкай музычнай. Такую высокую планку тут трымаюць ужо 76 гадоў. І запрашаюць да сябе самых розных вядомых музыкантаў.

У кнізе ганаровых гасцей - запісы, зробленыя Дзмітрыем Шастаковічам, Міхаілам Шнейдэрманам, Святаславам Рыхтарам. Наведваў школу і народны артыст СССР і Рэспублікі Беларусь, кампазітар Ігар Лучанок.

Сённяшнія выхаванцы таксама не даюць усумніцца ў якасці адукацыі школы. Сярод іх - дыпламанты міжнародных конкурсаў, стыпендыяты Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі. Выпускнікі працуюць у калектывах Нацыянальнага тэатра оперы і балета, Белдзяржфілармоніі, выкладаюць у Беларускай акадэміі музыкі, Брэсцкім музычным каледжы і школах.

Але ў першую чаргу Аляксандр Саланінка патрабавальны да сябе. Дырэктар кажа, каб мець ідэальны вынік, трэба самому быць прыкладам для ўсіх.

І ў іх гэта атрымліваецца. У 2007 годзе Аляксандр Саланінка стаў уладальнікам спецпрэміі Прэзідэнта Беларусі за выхаванне творчай моладзі і падрыхтоўку лаўрэатаў міжнародных конкурсаў. Праз два гады атрымаў падзяку ад першай асобы краіны. І вось зараз новая адзнака - званне заслужанага дзеяча культуры Беларусі.