Галоўная культурная падзея года. Віцебск чакае адкрыцця "Славянскага базару"

15 июля 2020
Жыццё ў рытме фестывалю. Віцебск чакае галоўную культурную падзею года - XXIX Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Ужо заўтра пройдзе адкрыццё музычнага форуму. У дырэкцыі - апошнія прыгатаванні, на вуліцах - святочная мітусня. Выстройваюцца гандлёвыя рады, рамеснікі ўладкоўваюцца ў Горадзе майстроў. Ткацтва, кераміка, лозапляценне. Не толькі купіць вырабы народных умельцаў, але і паспрабаваць свае сілы ў старажытных рамёствах - такую магчымасць атрымаюць госці Горада майстроў. 

Сёлета свята прадоўжыцца чатыры дні, але праграма вельмі насычаная. Удзельнікі вакальнага спаборніцтва - як дарослага, так і дзіцячага - выйдуць на сцэну двойчы і ў адзін дзень. Упершыню юныя артысты будуць выступаць на адкрытым паветры. Спецыяльна для іх на подступах да канцэртнай залы "Віцебск" пабудавалі новую сцэну.