Дзе пакажуць азы менуэта і хто дасць высокія ноты ў музычным салоне ля Купалаўскага? Запрашаем на "Праменад"

1 сентября 2023

"Мелодыі стагоддзя" заўтра ў Верхнім горадзе. Музычна-турыстычны сезон працягваецца. На галоўнай сцэне - аркестр Узброеных сіл, а на арт-тэрасе - танга. Дзе пакажуць азы менуэта і хто дасць высокія ноты ў музычным салоне ля Купалаўскага? Свежая афіша. Запрашаем на "Праменад".

У выхадныя мы прывыклі захапляцца экстэр’ерамі Лошыцкага парку, а сядзібу абмінаць. На заўтра прапанова - не праходзіць міма. Трапіць у XVI стагоддзе. Правесці адзін дзень у статусе жыхара Лошыцы таго часу. Як бавілі час уладальнікі гэтых тэрыторый - Друцкія-Горскія?

Такая лёгкая па выкананні імправізацыя абавязкова пад жывыя гукі раяля. Майстар-клас (ён жа салон) доўжыцца гадзіну. Адзінае, што будзе нагадваць пра XXI стагоддзе, - ваша адзенне. Бо дрэс-коду, акрамя зменкі, няма. Але танцы на дэсерт. Спачатку праменад па пакоях пад апавяданні.

Якімі па хадзілі па гэтых паркетах у XVII ці XIX стагоддзі? Ці былі балы ў гэтых сценах ўвогуле? Распавядуць спецыялісты. Але ўваход не вольны, кошт квітка - 15 рублёў і на экскурсіі, і на майстар-клас. Пройдуць яны і ў суботу, і ў нядзелю.

У афішы музея і музычны салон. У нядзелю шпацыр па пакоях пад паланэз Агінскага і агучванне "Полацкага сшытку". Класічны фон да шасці гадзін вечара.

Таксама музычны салон, але не ў камернай зале, а пад адкрытым небам. Зоркі Вялікага неафіцыйна, але адкрываюць свой 91-ы сезон. І раскажуць сваімі тэмбрамі "Казкі Гофмана" і думкі Дон Кіхота. І гэта на сцэне Губернатарскага саду, ён жа Аляксандраўскі сквер.

Гэта першыя рэпетыцыі пасля творчай паўзы. Ансамбль "Амадзіс Брас" і салісты оперы не развучваюць новае. У праграме, што сабралі для сквера, 25 лепшых нумароў салістаў оперы і брас-квінтэта. Рэпертуар, які ў 90-м сезоне не раз атрымліваў авацыі.

Народныя артысткі Масквіна і Шарубіна, заслужаная Якушэвіч і 6 лаурэатаў міжнародных конкурсаў выканаюць свае выйгрышныя партыі. Вялікі абяцае якасны гук, не абыдзецца без прафесійнай падгучкі сачыненняў Бізэ, Ховарда, Гершвіна і Вэрдзі.

Стаць удзельнікам  open air можна традыцыйна бясплатна. Пачатак канцэрта ў 16:00. Гэта перадапошняя праграма летняга цыкла "Губернатарскі сад". У наступную суботу фінальныя фанфары на сцэне ля Купалаўскага прагучаць ад народнага аркестра Жыновіча.

"Восеньскі салон" рыхтуюць у Палацы мастацтваў. Пакуль мазаіку з палотнаў толькі складаюць. Таму на разагрэве для эстэтаў графіка выпускніцы Акадэміі мастацтваў Марыі Сыракваш. Там беларускі генетычны код. Мастачка зазірнула ў мінулае і праз графіці і кантрасты сваё бачанне каранёў выліла ў вялікія памеры.

Тры графічныя дні ў зале № 2 палаца. Хутка сцены пераапрануцца.

Больш культурных явак і арт-пароляў на сайце Белтэлерадыёкампаніі. Сачыце за навінамі і на тэлеканале "Беларусь 1".