Дзе культурна адпачыць на выхадных - у рубрыцы "Праменад"

6 октября 2023

Альтэрнатыва карнавалу 7 кастрычніка ў Вялікім. На галоўнай сцэне будзе прадстаўлены сучасны Парыж. Не пакрываюцца пылам арыі і рамансы Чайкоўскага і Рахманінава. Хто агучыць? У рэпартажы культурны маршрут на выхадныя. Запрашаем на "Праменад".

Нават у кастрычніку можна адтэрмінаваць восеньскія халады. Прычым лета ў рытмах "самба-дэ-жанейра" нечакана разгарнулася ў Палацы дзяцей і моладзі. Горача, як нідзе ў Мінску, тут да нядзелі. Не трэба ляцець праз акіян, каб трапіць у Лацінскую Амерыку. Дастаткова квітка на трамвай.

У мармуровыя сцены ўпісалі дэмаверсію карнавала. Тут і ча-ча-ча, і песні, якія раз на год можна пачуць праз беларускія калонкі.

На Фестывалі лацінаамерыканскай культуры дзевяць краін. Няшмат дэкарацый, але ўпрыгожваюць самі людзі сваім тэмпераментам і ўбраннем. Яны і навучаць танцаваць, гатаваць і нават гаварыць па-іспанску. Можна вывучыць мінімальны набор фраз для адпачынку на лацінскім узбярэжжы.

Адаліс Валястэрн, прадстаўнік Пасольства Кубы ў Беларусі:

Куба прадстаўляе на фестывалі не толькі свае песні і танцы, мы прэзентуем выставу нашых мясцовых краявідаў - такі турыстычны піяр-ход, хочам, каб вы завочна ўлюбіліся ў нашу прыроду, людзей і прыехалі да нас як падарожнікі.

Кожны дзень на свяце дыпламаты, артысты і рамеснікі. Усё аўтэнтычнае, без умяшання сучаснага, еўрапейскага.

Альтэрнатыва карнавалу - свецкі баль Парыжа. "Флёр кахання" - праз "Травіяту" ў Вялікім. У афішы трохгадзінная опера Вердзі, якая адбудзецца 7 кастрычніка. Дырыжыраваць аркестрам будзе галоўны па музыцы ў тэатры Арцём Макараў. Ён толькі нядаўна афіцыйна перавёз сваю працоўную кніжку з Башкірскага тэатра оперы і балета. А Віялетай на адзін вечар стане сапрана Алена Золава.

І калі на "Травіяту" яшчэ набыць квіток магчыма (як на балконе, так і ў партэры), на сачыненні Чайкоўскага і Рахманінава - татальны аншлаг. У камернай зале не будзе ніводнага свабоднага крэсла, каб натхніцца тэмбрамі Андрэя Сялюціна, Кацярыны Міхнавец і Марыі Галкінай.

Восень у сталіцы толькі пачалася, а галоўная арт-падзея згортваецца як той лісток. "Восеньскі салон" працуе ў выхадныя і здымае усе паўмільёна прац. Гавораць, кошт дасягае двух мільёнаў рублёў! Трэба глядзець хутчэй.

З тысячы заявак на удзел трапіў у прастору толькі кожны пяты. Больш паказаць у Палацы немагчыма, інакш галава закруціцца нават у эстэтаў. На першым паверсе графіка з серыі "фантастыка", ёсць нават "Хронікі Нарніі", калі пайсці на паверх вышэй - жывапіс, вітраж. шмат маштабных і складаных прац.

Сачыць за рэпетыцыямі прэм’ер і анонсамі экспазіцый вы можаце кожную раніцу на тэлеканале "Беларусь 1". Больш культурных явак і арт-пароляў ёсць на сайце Белтэлерадыёкампаніі.