Нацыянальная бібліятэка Беларусі дэманструе ўнікальную выставу мастацкіх галаграм

6 марта 2018

«Адукацыя. Пазнанне. Прагрэс» - за назвай экспазіцыі сотні прадметаў, палова з іх духоўныя сімвалы. Любы статычны прадмет можна ўбачыць адразу ў трох ракурсах і зазірнуць у глыбіні абсалютна закрытых экспанатаў. Падрабязна Наталля Бардзілоўская.

Казанская Божая Маці, Мікалай-Цудатворац, Серафім Сароўскі і Святы Лука. У выставачнай зале святыя праваслаўныя вобразы ажылі не сілай ўяўлення, а падзеннем лазернага праменя на аптычнае шкло. Больш за 40 хрысціянскіх рэліквій у фармаце 3Д. Смела? Менавіта фізікі далі магчымасць пабачыць страчаны крыж Ефрасінні Полацкай. Многія святыні, да якіх не кожны даедзе, а калі і трапіць, то паглядзіць толькі з аднаго, прапанаванага боку, у галаграме адкрытыя з розных ракурсаў. Зацікаўленасць галографаў духоўнымі рарытэтамі апраўдана – яны робяць унікальныя рэчы даступнымі для ўсеагульнага ўспрымання, тыражуюць і папулярызуюць іх.

Ікона Жыровіцкай Божай Маці – роўна ўшанаваная і праваслаўнымі, і католікамі. Самы маленькі з усіх абразоў Багародзіцы. Наяве – гэта авальны кавалачак яшмы з рэльефнай выявай Маці Марыі са святым немаўляці на руках. Па сваім паходжанні нерукатворная і ў рэальнасці яе разгледзіць цяжка, але цяпер жыровіцкую святыню паўтарылі і зрабілі даступнай у шырокім фармаце. Святлодыёд, накіраваны на шкляную аснову, скапіраваў кожны выгіб. Галаграфія дадала статусу духоўнай рэліквіі – сёння гэта яшчэ і твор мастацтва.

Бамбасховішча першай катэгорыі, у падмурку якога выкапана і заліта сарака тонамі бетону дадатковая ніша. На гумавых шынах, якія аддзяляюць ад падлогі, стаіць гранітны стол вагой з аўтобус. Гэта аснова лазернага пакоя, дзе робяць галаграфію. Яна павінна быць нерухомай. Працэс праходзіць у абсалютнай цемры і цішыні – працуе лазер, найноўшы, магутнасць 2 тысячы міліват. Сёння яго прамень падае на «Купяціцкі крыж». Ікону галаграфічнай апрацоўцы даверыла Пінская епархія.

Да пачатку працэсу з лазерам ікону вытрымалі ў новых умовах некалькі сутак. Цяпер на яе паклалі пласціну. Яшчэ некалькі тэхнічных штрыхоў і вось лазер гатовы выйсці, трапіць на люстра, адлюстравацца і пашыраным пучком упасці на аб'ект. Калі пачнецца сама працэдура, майстар пакіне пакой, зафіксуе на таймеры час і будзе чакаць у поўнай цішыні. Галографы працуюць ноччу, каб дасягнуць абсалюту. 60 хвілін і пласцінка экспанавалася, яе праяўляюць па прынцыпе старых фота, сушаць і вось вынік – выява іконы. Ракурсы – тры ў адным. Сама царква бласлаўляе галографаў на эксперымент.

Сёлета галографы пашырылі спектр апрацоўкі духоўных рарытэтаў. На выставе прапанавана навінка – галаграфічная апрацоўка старадаўніх кніг: Біблія Францыска Скарыны, Новы Запавет з Псалтыром Куцеінскай друкарні.