Фальклорнаму ансамблю "Мядоцкая талака" споўнілася 20 гадоў

2 сентября 2021

Абрадавыя танцы, песні, народная вышыўка і вязанне - з мясцовым каларытам Мётчынскага краю! Фальклорны ансамбль "Мядоцкая талака" з Барысаўскага раёна адзначае юбілей - 20 гадоў. Калектыў збірае і захоўвае не толькі музычную спадчыну, але і рукадзельныя традыцыі. З каларытнымі асаблівасцямі культурнага скарбу, які потым перадаецца ў спадчыну моладзі, пазнаёмілася Ларыса Гулякевіч.

Асаблівая атмасфера сямейнага свята заўсёды адчуваецца на рэпетыцыях і выступленнях гэтага калектыву. За 20 гадоў існавання фальклорны ансамбль "Мядоцкая талака" папоўніў свой рэпертуар усімі старабеларускімі абрадамі, але з мясцовым каларытам.

Наконт гістарычнага паходжання назвы вёскі "Мётча" існуе некалькі варыянтаў. У аснове - састарэлы тэрмін мётка - жэрабя, доля пры дзяльбе маёмасці. Пісьменныя сведчанні аб Мядоцкім краі належаць аж да 1517 года.

Культурная спадчына перадаецца ў скарбонку мясцовай дзятве - удзельнікам фальклорнага гурта "Весялінка", які ўжо мае статус узорнага. Разам з дарослымі маленькія артысты ўдзельнічаюць ва ўсіх рэгіянальных фестывалях і конкурсах.

Каб заахвоціць мядоцкіх хлопчыкаў і дзяўчынак да старажытнай культуры, тут арганізавалі літаратурныя гурткі. Адны чытаюць народныя казкі, спяваюць, іншыя - танцуюць. Да таго ж дзіцячыя музычныя заняткі ў сельскім доме культуры спецыяльна назначаюцца пасля рэпетыцый дарослых.

Танцамі ды песнямі мядоцкая скарбніца не абмяжоўваецца. Рушнікі, абрусы, пасцельныя рэчы, дэкаратыўныя пано і ўпрыгажэнні, лялькі і нават уласныя касцюмы - усё вышыта ўручную. Ёсць у "мядоцкай святліцы" каштоўныя работы сямейных дынастый, рушнікі з вытрыманым колерам, якім больш за 100 гадоў.

Гэта легендарная лялька - Масленка - нарадзілася тут, у мётчынскім доме культуры і адб'ездзіла ўсе мясцовыя фестывалі ды конкурсы. Звычайна такая лялька робіцца на Масленіцу, але не для спальвання, а наадварот – як абярэг аб злых духаў. Ручкі саламяныя, косы ільняныя. Чым прыгажэй Масленка, тым багацей яе гаспадары.

Маладыя дзяўчаты працягваюць народныя традыцыі вышыўкі сваіх бабуль, упэўненыя, што ручная вышыўка на вагу золата, ды зноў уваходзіць у моду.

Некалькі дзён таму творчая каманда прывезла ўзнагароды з рэгіянальнага конкурсу майстроў вышыўкі "Чароўныя пяльцы", які праходзіў у Барысаве. Мётчынскія ўдзельніцы атрымалі дыпломы за пераемнасць традыцый.