Эксперыменты ад Прэзідэнцкага аркестра Беларусі

20 июля 2016

Калектыў пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна ахапіў ўвесь спектр музычных напрамкаў. Пачуць Моцарта, Расіні і Даніцэці ў рок-апрацоўцы можна ў праграме «Віват Опера Мадэрн». «Чароўная флейта», «Фаўст» і «Севільскі цырульнік» упершыню загучалі з элементамі бас-гітары і ўдарных. Сусветныя саўндтрэкі ў інструментальным выкананні. Творчае лета Прэзідэнцкі аркестр завяршае хітамі з галівудскіх фільмаў.

Віктар Бабарыкін, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Прэзідэнцкага аркестра Беларусі: "Вельмі шмат рэпетыруем. Ужо рыхтуецца гэтая праграма трэці месяц, таму што там найскладанейшыя творы. Будзе выконвацца музыка Дж. Уільямса, будзе выконвацца музыка да такіх фільмаў, як "Гары Потэр", "Місія невыканальная", "Гладыятар". Гэта арыгінальныя партытуры, гэта не аранжыроўкі".

Запіс канцэрта вяла Белтэлерадыёкампанія. Тэлеверсію шоу можна будзе ўбачыць на канале «Беларусь 3». А ў новым сезоне Прэзідэнцкі аркестр Беларусі рыхтуе маштабнае сусветнае турнэ.