Дзіцячае "Еўрабачанне" ў Мінску стане самым маштабным у гісторыі конкурсу

5 августа 2018

Пяройдзем да культурных падзей кантынентальнага ўзроўню. Дзіцячае "Еўрабачанне" ў Мінску стане самым маштабным у гісторыі конкурсу. Беларусь заключа ў гасцінныя абдымкі 20 краін з 18 магчымых. І гэта не абмоўка. Агульны спіс папоўніла Украіна. Ужо пасля дэдлайна - гэта значыць, афіцыйнай аб'явы краін - удзельніц конкурсу сёлета.

Раней Кіеў адмаўляўся ад удзелу з-за фінансавых цяжкасцяў. Але на днях у Еўрапейскі Вяшчальны Саюз паступіла заяўка ад нашых паўднёвых суседзяў. Нагадаем, Украіна ўдзельнічае ў дзіцячым "Еўрабачанні" з моманту стварэння конкурсу. Двойчы Кіеў прымаў гасцей міжнароднага песеннага форуму. У лістападзе чакаем і яркіх дэбютаў - упершыню на конкурснай сцэне выступяць юныя артысты з Казахстана і Уэльса.

Беларусы выберуць свайго прадстаўніка 31 жніўня. Ужо ідзе актыўная падрыхтоўка да нацыянальнага адборачнага тура, які па традыцыі пройдзе ў рэжыме прамога эфіру. Зараз каманда Белтэлерадыёкампаніі здымае відэавізітоўкі фіналістам шоу. Усяго іх 10. У кожнага з прэтэндэнтаў на галоўны трафей - індывідуальны сюжэт, распрацаваны рэжысёрам. І ўсё ж агульны элемент ёсць. Канфеці. Спецыяльна для эфектнага выкарыстання арганізатары назапасіліся нават халодным азотам. І тут як нельга дарэчы слоган дзіцячага "Еўрабачання" гэтага года - "Запальвай!".

Ролікі стануць своеасаблівым відэаканферансам да кожнага з 10 фіналістаў. 40-секундныя эцюды можна будзе ўбачыць напярэдадні шоу - у эфіры праграмы "Добрай раніцы, Беларусь!". Сам адбор пройдзе, як звычайна, у інтэрактыўным рэжыме. 31 жніўня назіраць за ходам падзей тэлегледачы змогуць адразу на дзвюх галоўных кнопках краіны - "Беларусь 1" і "Беларусь 24".