Папяровыя арыгіналы часоў Вялікай Айчыннай

4 февраля 2016

Папяровыя арыгіналы часоў Вялікай Айчыннай - газеты, малюнкі, плакаты, графіка - выстаўлены ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Больш чым 150 прадметаў у жанры сатыры. Творчы складальнік барацьбы на акупіраванай тэрыторыі Беларусі. Большасць з экспанатаў - гэта першыя музейныя паступленні - тое, што самі франтавікі прыносілі ў фонды. Зброя сатыры - у рэпартажы Алены Борматавай.

Сатырычная графіка і карыкатурныя малюнкі - усе этапы Вялікай Айчыннай - у творах франтавых мастакоў. Баявыя лісткі, насценгазеты і плакаты ствараліся на акупіраванай тэрыторыі Беларусі - у партызанскіх атрадах і ў падпольных мінскіх кватэрах. Ужо 23 чэрвеня 41-га мастак Анатоль Волкаў па загадзе ЦК распачаў работу над серыяй сатырычных малюнкаў. А затым быў пастаянным аўтарам выдання «Раздавім фашысцкую гадзіну», якое пасля вайны было перайменавана ў «Вожык» і выходзіць зараз.

У час акупацыі Беларусі газета выходзіла ў Маскве і самалётамі дастаўлялася ў партызанскія брыгады. Распаўсюджвалася па прынцыпе прачытаў - перадай іншаму. Асабістыя рэчы ваенных мастакоў - фарбы, алоўкі, палітры. З матэрыяламі было складана, таму многія плакаты і газеты былі створаны на шпалерах, тыльным боку нямецкіх карт, абгортачнай паперы. А жывапісныя карціны пісалі нават на лінолеуме.

Менавіта ў творчай зямлянцы Гуціеў ствараў дзясяткі графічных работ, сотні карыкатур. Абрыньба напісаў восем жывапісных палотнаў. Усе героі карцін - партызаны іх жа атрада. Так на карціне «Бой за Пышна» мастак пакінуў прозвішча кожнага, хто загінуў пад гусеніцамі нямецкіх танкаў. Рэальная аперацыя атрада. Дарэчы, 1 мая 1943 у штабной зямлянцы прайшоў вернісаж двух Мікалаяў. Лясная паліграфічная тэхніка адноўлена ў інтэр'еры музейнай партызанскай зямлянкі.

Cпецыяльна для выставы сатырычнай зброі, у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны выдалі факсіміле здвоенага нумара газеты «Раздавім фашысцкую гадзіну» за снежань 42-га года. Тут надрукавана малая партызанская энцыклапедыя. Так, на мове партызан - аўтамат - гэта зброя, якая нясе смерць немцам. Кацюша, сякера… і так ад А да Я.

Тут жа - каля дзвюх соцень мініяцюр-карыкатур. Ілюстрацыі да газетных заметак. У час акупацыі Беларусі мастакамі былі створаны мільёны сатырычных малюнкаў, плакатаў, рукапісных часопісаў. Выстаўляюць іх рэдка – папера 40-ых вельмі крохкая.