"Букет настаўніку" - у Белдзяржфілармоніі

31 мая 2017

«Букет настаўніку» - канцэрт пад такой назвай прайшоў у Белдзяржфілармоніі. І гэта падарунак да юбілею ад таленавітых і знакамітых вучняў іх настаўніку па класе фартэпіяна - прафесару Акадэміі музыкі, заслужанаму дзеячу мастацтваў Беларусі Людміле Шаламенцавай.

Расказвае Ларыса Гулякевіч.

Аркестравая рэпетыцыя перад канцэртам у Вялікай зале Белдзяржфілармоніі, у класе разыгрываюцца піяністы, у фае і на прыступках - людзі з кветкамі. Кожны з гэтых музыкантаў - значная асоба ў сваёй прафесіі. Большая частка мае сусветнае прызнанне, перамогі ў шматлікіх міжнародных конкурсах. Аб'ядноўвае ўсіх адзін педагог, карыфей фартэпіяннай школы - прафесар Дзяржаўнай акадэміі музыкі Людміла Сяргееўна Шаламенцава. Ёй і прысвяцілі вялікі юбілейны канцэрт яе вучні.

Вячаслаў Спірыдонаў з дзяцінства вучыўся ў славутай Шаламенцавай, потым працягваў навучанне у швейцарскім Берне, а зараз выкладае ў цюрыхскай школе Захара Брона.

Свой творчы падарунак падрыхтаваў знакаміты Юрый Бліноў, які доўгі час жыў і вучыўся ў Злучаных Штатах Амерыкі, зараз піяніст-кампазітар, арганізатар міжнароднага фестывалю «Палескі агеньчык».

Дзейнасць легендарнай піяністкі Людмілы Шаламенцавай - цэлая эпоха ў развіцці беларускай фартэпіяннай школы. Але самае каштоўнае для педагога - поспехі яе вучняў. Яны ж працягваюць яе справу, перадаюць вопыт, але шліфуюць сваё майстэрства.

Пасля беларускай кансерваторыі таленавітая маладая піяністка стажыравалася ў маскоўскай кансерваторыі імя Чайкоўскага і стала лаўрэатам першага Нацыянальнага конкурсу піяністаў. У 60-70 гады актыўна канцэртавала, выступала з сольнымі праграмамі і ў ансамблях.

Прафесар Шаламенцава і сёння дае майстар-класы. Трапіць на ўрокі музыкі, якія на біс праходзілі ў Японіі, Польшчы і іншых краінах, мараць як пачаткоўцы, так і вопытныя беларускія піяністы.