Белтэлерадыёкампанія працягвае прыём заявак на ўдзел у нацыянальным адборы на дзіцячае "Еўрабачанне-2020"

21 июля 2020
Заявіць пра сябе і прагучаць у міжнародным эфіры з'явіўся шанец у юных вакалістаў краіны. Белтэлерадыёкампанія працягвае прыём заявак на ўдзел у нацыянальным адборы на дзіцячае "Еўрабачанне-2020". У праект запрашаюцца выканаўцы-пачаткоўцы ад 9 да 14 гадоў. Згодна з рэгламентам, працягласць песні - да 3 хвілін. Мова выканання руская, беларуская. Дапускаецца выкарыстанне замежнай - не больш за 40 % аб'ёму тэксту. 

Заяўкі прымаюцца ў электронным выглядзе на сайце арганізатара tvr.by. Там жа апублікавана палажэнне праекта, якое сёлета зведала шэраг змяненняў. Так, зараз апроч інфармацыі пра сябе, фатаграфій, фанаграмы і тэксту песні, удзельнікам трэба падаваць відэазапіс выканання кампазіцыі ў рэжыме жывога гуку. 

Заяўкі прымаюцца да 15 жніўня. Хто  з кандыдатаў трапіць у фінал праекта - вырашыць фокус-група не пазней за 24 жніўня. Нагадаем, дзіцячае "Еўрабачанне-2020" у лістападзе прымае Польшча.