Беларускі піяніст У. Хандогі стаў пераможцам конкурсу ў Сан-Рэма

21 сентября 2021

Беларускі піяніст Уладзіслаў Хандогі стаў пераможцам Міжнароднага конкурсу рускай фартэпіяннай музыкі ў Сан-Рэма. Спаборніцтва адораных музыкантаў доўжылася некалькі дзён у афлайн-фармаце і сабрала больш за 30 удзельнікаў з усяго свету. Для ўдзелу ў фінале, дзе творы выконваюцца разам з аркестрам, былі адабраныя толькі трое піяністаў. Наш 19-гадовы зямляк выканаў канцэрт для фартэпіяна з аркестрам № 2 Сяргея Рахманінава. І па выніках быў названы лепшым не толькі членамі прафесійнага журы, але і атрымаў прыз глядацкіх сімпатый. Акрамя таго, стаў уладальнікам спецыяльнага прыза імя Скрабіна. А ў наступным музычным сезоне 2022 года ў таленавітага музыканта будзе магчымасць выступіць з сімфанічным аркестрам Сан-Рэма.

У біяграфіі Уладзіслава шмат і іншых перамог і конкурсаў, а таксама міжнародныя гастролі і выступленні ў Лондане, Парыжы, Дубаі, Нью-Ёрку. Зараз малады чалавек вучыцца ў Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя Чайкоўскага.