Беларускі Нотр-Дам. У вёсцы Закозель аднаўляюць капліцу - пахавальню роду Ажэшкаў

22 ноября 2020

Гонар нашай краіны - гэта багатая культурная і гістарычная спадчына. Штогод Беларусь вабіць тысячы аматараў экатурызму. Дзе яшчэ можна сустрэць непаўторныя краявіды Палесся, ахутаныя векавымі легендамі замкі, дакрануцца да помнікаў гераічнасці і мужнасці - такіх, як Брэсцкая крэпасць? Унікальныя мясціны можна знайсці абсалютна ў любым кутку краіны. У спісе спадчыны больш за 750 аб'ектаў. І дзяржава клапоціцца аб іх захаванні. Дзякуючы падтрымцы помнікі архітэктуры адраджаюцца з руін і становяцца пунктамі прыцягнення гасцей з усяго свету.

Другое жыццё атрымліваюць і гістарычныя аб'екты, што схаваліся ў цені больш буйных славутасцяў. Так адбылося і з "беларускім Нотр-Дамам", які перажыў дзве вайны. У вёсцы Закозель Драгічынскага раёна аднаўляюць капліцу – пахавальню роду Ажэшкаў. Помнік архітэктуры XIX стагоддзя доўгі час знаходзіўся ў запусценні, што прывяло да яго аварыйнага стану. Не выстаяў у чаканні рамонту і шпіль шэдэўра неаготыкі - струхлелая канструкцыя абвалілася. Цэлую аперацыю па выратаванні тады разгарнулі мясцовыя ўлады. Грошы на рэстаўрацыю выдзелілі з раённага бюджэту, таксама фінансавую дапамогу аказаў фонд прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва. Падключыліся і мецэнаты. Пра новае жыццё будынка з багатай гісторыяй з Закозеля рэпартаж Іны Пілевіч.