Апошнія авацыі народнаму артысту

9 февраля 2018

Грамадзянская паніхіда прайшла на галоўнай сцэне Купалаўскага тэатра – тэатра, якому артыст служыў да апошніх дзён. Ён памёр 7 лютага ва ўзросце 83 гадоў. Прыхільнікі, калегі, блізкія і сябры апошні раз неслі яму кветкі. Апошнія авацыі народнаму артысту ў рэпартажы Алены Борматавай.

«Вечар» - спектакль, у якім Генадзь Гарбук быў задзейнічаны да апошняга. Заўтра яго будуць даваць у памяць аб народным артысце. Адна з рэплік Мікіты, героя Генадзя Гарбука, пра смерць: “Я памру ў сераду. Гэта мой дзень”. У сераду не стала самога артыста.

Галоўная сцэна Купалаўскага сёння аддадзена яму – артысту, які служыў тут да апошняга. Ён прыйшоў у тэатр пасля некалькіх гадоў служэння віцебскай трупе. Акцёру было пад трыццаць. І сваю кар'еру тут Гарбук пачынаў з масоўкі ў легендарнай “Паўлінцы”. Затым былі зорныя для артыста «Людзі на балоце». Роля Васіля і ў спектаклі, і ў тэлепастаноўцы. За апошнюю Гарбук атрымаў Дзяржпрэмію БССР. Затым фільм Пташука і роля Чарнушкі. І ўсесаюзнае прызнанне. Дзяржпрэмія СССР. І ўвесь час новыя вобразы на Купалаўскай сцэне. Ён пражыў пад сотню роляў.

Купалаўскі сёння ў жалобе. Чорная стужка на партрэце народнага артыста. Чорным задрапіраваны ўсе люстэркі тэатра. А да куміра мільёнаў апошні раз ідуць яго прыхільнікі. Галоўная сцэна тэатра сёння цалкам аддадзена Генадзю Гарбуку. Ёй ён служыў без малога 56 сезонаў.

На постсавецкай прасторы няма ніводнага чалавека, які б не ведаў артыста. Культавыя «Белыя Росы» зрабілі яго зоркай у СССР. З беларусаў толькі ў Гарбука была галоўная роля. Сёння сотні прыхільнікаў прынеслі куміру апошнія кветкі. Спачуванні выказаў і Прэзідэнт нашай краіны. На сцэне ля труны з патрыярхам тэатра рота ганаровай варты. З народным развітваюцца згодна з яго статусам.

Акцёр назаўжды пакінуў Купалаўскі. Паводле тэатральнай традыцыі, з легендай развіталіся апладысментамі. Генадзя Гарбука пахавалі на Усходніх могілках Мінска. На Алеі зорак побач з Янкоўскім, Ціхановічам з'явілася яшчэ адна зорка.