Беларусь адзначыла 120 гадоў са дня нараджэння Кандрата Крапівы

6 марта 2016

Навуковымі канферэнцыямі, літаратурнымі чытаннямі і выставамі Беларусь адзначыла 120 гадоў са дня нараджэння Кандрата Крапівы. Вечар памяці класіка адбыўся і ў культурным цэнтры пасольства Беларусі ў Расіі. Стваральнік нацыянальнай літаратурнай мовы і байкапісец ва ўласнае прозвішча ўклаў пякучасць і сарказм. Наталля Бардзілоўская пабывала на малой радзіме пісьменніка.

Ступа, ложак у вышыванках, падвесная дзіцячая калыска. Родны пісьменніку побыт пастараліся адрадзіць у самой Уздзе. Драўляная пад старажытнасць хатка пры краязнаўчым музеі даўно стала месцам прыцягнення для тутэйшых маладых – вяселлі модна ладзіць з крапівінскім каларытам. Кожны год 5 сакавіка з тэатралізаванымі байкамі ў хатку завітваюць і школьнікі. Сярэдняя школа ва Уздзе носіць імя Крапівы. У ёй жа – музей-пакой у гонар байкапісца-земляка.

Крапіва і яго творы – на партрэтах і ў пейзажах. Тут прачытваецца і «Жаба ў каляіне», і «Ганарысты парсюк»... І без экранізацый можна ўявіць і Гарлахвацкага з «Хто смяецца апошнім», і прафесара Дабрыяна з «Брамы неўміручасці»...

Да юбілею пісьменніка – мастацкая выстава ў раённым цэнтры культуры. У дар радзіме славутага сатырыка – тры аўтарскія палотны. «Юбілярны куток» - у мясцовай бібліятэцы. Хоць Уздзеншчына – радзіма 23 пісьменнікаў, але Крапіву тут цытуюць і малы, і стары, і не толькі па школьнай праграме.

Між іншым з Узды Кандрат Атраховіч быў мабілізаваны на фронт Першай сусветнай. Пасля вяртання настаўнічаў у роднай вёсцы. Там і сустрэў сваю жонку.

Беларусь не мае музея Кандрата Крапівы. Але, каб сабраць разам і адкрыць для людзей тысячы экспанатаў: рукапісы, фотаздымкі, дакументы і ўласныя рэчы пісьменніка, якія раскіданы па дзяржаўных музеях, архівах, сям'я вырашыла стварыць музей віртуальны! Такім чынам, праз сетку Інтэрнэт пра нашага славутага земляка будуць ведаць не толькі на Беларусі – ва ўсім свеце!

Крапівінскія дні зараз праходзяць на Беларускім радыё, і на афішах айчынных тэатраў – тыдні пастановак паводле п'ес Крапівы.