12 аўтарскіх і рэдкіх калекцый падрыхтаваў Вілейскі музей

26 марта 2015

У раёне стартаваў праект “Тыдзень калекцыянера”. На працягу года ў музеі прадэманструюць 12 калекцый – паштоўкі, манеты, грошы, пачкі запалак і нават цукровыя пакецікі. Экспазіцыі будуць выстаўляць раз на месяц і ўбачыць іх можна будзе толькі на працягу сямі дзён. З цікавымі экспанатамі і калекцыянерамі-аматарамі пазнаёмілася Наталля Кезік.

Чаяпіцце ў гэтай сям’і асаблівы рытуал. А чайнікаў і смятаннікаў хопіць нават калі мяняць іх праз дзень. Людміла Буркевіч сёння прызнаецца, што і сама не заўважыла як пачала калекцыяніраваць чайнікі. Першыя экзэмпляры з’явіліся на паліцы 15 гадоў таму. А зараз усе экспанаты не змяшчаюцца ў кватэры. Таму ў школе амаль для 200 чайнікаў з розных краін свету выдзелілі асаблівы кабінет.

Звычку калекцыяніраваць Людміла перадала і сваім дзецям. Гэта стала сямейным хобі. Малодшы Уладзімір пакуль дакладна не вызначыўся, што будзе калекцыяніраваць у далейшым. Зараз у шасцікласніка – збор значкоў, медалёў, зменшаных копій самалётаў і танкаў.

А ў дапамогу старэйшаму Ягору – уважлівасць і металашукальнік. Сваю калекцыю манет і папяровых грошай папаўняе з дзясятак гадоў. Многія экзэмпляры набываў на аўкцыёне, некаторыя знаходзіў выпадкова. Так аднойчы летам сям’ёй адправіліся ў грыбы, а знайшлі рэдкія манеты 18 стагоддзя. Ва ўласнай калекцыі 50 купюр з розных краін свету і больш як 300 манет.

Дарэчы і з калекцыяй Ягора, і яшчэ з чатырма прыватнымі - “Нумізматыка і баністыка” жыхары раёна знаёмяцца на гэтым тыдні. Тут прапанавана трыста экспанатаў з усіх кантынентаў свету. Нават можна ўбачыць банкноты Табага, Нігерыі, Замбіі і Мадагаскара.

Фалерыстыка, філуменія і глюкафілія – за год у Вілейскім музеі прадэманструюць 12 калекцый. Але паспець пазнаёміцца з экспанатамі можна толькі на працягу сямі дзён.

Калекцыі на паліцах музея будуць мяняць раз на месяц. 12 калекцыянераў зараз рыхтуюць свае найлепшыя экспанаты. Пры гэтым удзел у такім праекце прымаюць не толькі жыхары Вілейскага раёна. Свае зборы сюды прывязуць і са сталіцы.