Заўтра – Дзень усіх закаханых

13 февраля 2016

Рамантычнае свята - лепшы час для прызнанняў у шчырых пачуццях. Выбраць сімвалічнае месца для прапаноў рукі і сэрца можна і ў Віцебску. А таксама прыняць удзел ў рамантычнай сэлфі-латарэі!

З падрабязнасцямі - Артур Смалякоў. Калісьці па гэтых вуліцах гулялі Ясенін і Дункан, а ў небе луналі шагалаўскія закаханыя. Вялікія мастакі стваралі тут знакамітыя палотны, а паэты чэрпалі натхненне. Гледзячы на стары горад з вышыні птушынага палёту, прызнаныя майстры называлі Віцебск маленькім Парыжам.

З майстрамі не паспрачаешся. Падняцца на вежу гарадской ратушы ў Дзень святога Валянціна - рамантычны момант для любой пары. А працягне святочную рамантыку прагулка па месцах сустрэч Марка Шагала і Бэлы Разенфельд. 14 лютага стаць Бэлай зможа кожная. Незвычайны квэст па месцах спатканняў знакамітай пары арганізуе краязнаўчы музей. Удзельнікі экскурсіі атрымаюць маршрутную карту з заданнямі. Самыя кемлівыя адправяцца на рамантычную вячэру.

Сэлфі са святочнага квэста для закаханых стануць латарэйнымі квіткамі. А прызы віцебскія закаханыя разыграюць у ратушы.

Гарадская ратуша - не адзіны прыстанак паўночных рамантыкаў. Побач Пушкінскі мост праз Віцьбу. Менавіта тут маладыя клянуцца адно аднаму ў вечным каханні. Потым вешаюць на парэнчы замок з імёнамі, а ключ топяць у рацэ.

Праз мост нявесту нясуць на руках. Калі не ступіць і кроку, за мужам будзе як за каменнай сцяной. Да шуму і мітусні маладых гараджане прывыклі. Закаханым у Віцебску дазволена многае. Вось і знак на "пешаходцы" ў цэнтры горада папярэджвае: толькі для картэжаў з маладымі. Каля аблвыканкама ў іх самае папулярнае месца для фотасесій. 60 гадоў таму аб фотасесіі сям'я Янушкоўскіх не марыла. Затое сёлета падчас брыльянтавага вяселля ў Эдуарда і Тамары ўсё адбылося.

Пацалункі, клятвы вернасці і рамантычная музыка. Свой падарунак гледачам у Дзень святога Валянціна падрыхтавала і Віцебская абласная філармонія. Мясцовыя салісты ўжо гатовыя спяваць пра каханне.

Валянцінкі - звычайны падарунак, вячэра пры свечках - рамантычнае завяршэнне дня. 14 лютага даўно ўкаранілася ў свядомасці як Дзень закаханых. І няхай пра подзвіг святога Валянціна сёння мала хто ўспамінае, гістарычная падаплёка не гэтак важная, калі свята дорыць любоў і цяпло.