Віцебск. Дэлегацыя з Бранска

13 августа 2016

Сумесныя прадпрыемствы ў племянной жывёлагадоўлі, машынабудаванні і вытворчасці будаўнічых матэрыялаў будуць ствараць Віцебская і Бранская вобласці. Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж беларускім і расійскім рэгіёнамі падпісалі ў Віцебску. Так пачалася рабочая паездка афіцыйнай дэлегацыі Бранскай вобласці ў Беларусь. Узаемаадносіны паміж абласцямі даўнія і ўстойлівыя. Апошнія два гады таварааборот складаў каля 37 мільёнаў долараў. Для нарошчвання ўзаемнага гандлю плануюць наладзіць сумесныя праекты па вытворчасці і пастаўках тавараў, у тым ліку ў рамках расійскіх федэральных праграм.

Аляксандр Багамаз, губернатар Бранскай вобласці Расіі:

"Супрацоўніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі - стварэнне СВ у племянной жывёлагадоўлі, раслінаводстве. Усё, што ёсць добрага на Браншчыне, мы навучыліся дзякуючы беларусам. Нам неабходна шчыльна супрацоўнічаць, уцягваючы бізнес".

Мікалай Шарснёў, старшыня Віцебскага аблвыканкама:

"У прамысловасці перспектывы супрацоўніцтва - ад вытворчасці будаўнічых матэрыялаў да стварэння лагістычных цэнтраў. Ствараем рабочую групу, якая будзе вырашаць пытанні цеснага ўзаемадзеяння ва ўсіх сферах і падмацоўваць гэта супрацоўніцтва эканомікай".

Дэлегацыя Бранскай вобласці азнаёмілася з работай прамысловых прадпрыемстваў Віцебска, прадукцыя якіх цікавіць расійскіх партнёраў. Пабывалі на рабатызаванай малочнай ферме ў сельгаспрадпрыемстве ў Віцебскім раёне і ў цэхах гарбарна-абутковага холдынга.