Відэаблогер з Брэста пакарыла YouTube

9 марта 2019
Сярод яе падпісчыкаў не толькі рускамоўныя жыхары планеты, але і замежныя. Алена Гарбачук стварае кветкавыя кампазіцыі з паперы, якія выглядаюць як жывыя. Сакрэтамі майстэрства яна дзеліцца на сваім канале. За колькасць праглядаў  таленавітага блогера адзначылі спецыяльнай узнагародай – "Сярэбранай кнопкай". Як нараджаюцца чароўныя падарункі - падчас майстар-класа ўбачыла наша здымачная група.

Расказвае Вікторыя Патоня. Гэта відэа на YouTube ужо набрала мільён праглядаў. Сакрэтамі, як зрабіць падарунак сваімі рукамі, майстар-самавучка Алёна Гарбачук двойчы на тыдзень дзеліцца ў інтэрнэце.  Кожны этап сваіх эксперыментаў і майстар-класаў рамесніца здымае на відэа. Гатовыя ролікі выкладвае на ўласны канал. Усе работы нараджаюцца ў невялікай майстэрні-лоджыі. У ход ідуць як прыродныя матэрыялы (шышкі, галінкі, крупы), так і тэкстыль.

Любімы матэрыял майстра – гафрыраваная папера. Яна расцягваецца, і за кошт гэтага можна зрабіць абсалютна любую дэталь. У выніку атрымліваюцца кветкавыя кампазіцыі, якія выглядаюць нібы жывыя. Па прафесіі Алёна мадэльер-канструктар. Па жаночай лініі ў сям'і шыць умеюць усе! Яна таксама спрабавала рабіць лялек, стварала дзіцячыя тактыльныя кніжкі. А падчас дэкрэтнага адпачынку зразумела, што камфортней за ўсё адчувае сябе ў якасці фларыста. Праўда, кветкі Алёны - хэндмэйд, тэрмін прыгоднасці - неабмежаваны. Найбольш папулярныя ролікі – з ружамі. 

Па ўроках блогера можна навучыцца рабіць званочкі, цюльпаны, вяргіні, калы, лаванду. Спіс яшчэ доўга можна працягваць. Сама аўтар імкнецца да максімальнай рэалістычнасці сваіх вырабаў.

Акрамя прафесіі дызайнера, прыйшлося асвоіць яшчэ аператарскае майстэрства і мантаж. Набыць неабходнае абсталяванне дапамог муж. Для Алёны відэаблогерства – справа адказная, таму яна не спыняе вучыцца. Сёння на яе канале 185 тысяч падпісчыкаў. А папулярнасці ролікаў могуць пазайздросціць нават афіцыйныя медыя: больш за 16 мільёнаў праглядаў. Актыўнасць акаўнта брэсцкага блогера адзначыў і відэахостынгавы сайт: Алёна - уладальніца "Сярэбранай кнопкі" YouTube-канала. Галоўны сакрэт, лічыць дзяўчына, у індывідуальнасці.

Аўдыторыя яе канала – маладыя мамы і дзеці. Сярод падпісчыкаў – жыхары розных краін: Расіі, Бразіліі, Індыі, Азербайджана.  Творчы блог цікавы і зразумелы нават тым, хто не валодае мовай. І гэта чарговае пацверджанне: мастацтва не мае межаў. Усе свае работы Алёна дорыць і марыць, каб ідэі для натхнення не заканчваліся.