У Магілёве абноўлена дошка гонару

4 мая 2019

Маштабнымі гуляннямі, адкрыццём сезона фантанаў, бясплатнымі атракцыёнамі краіна адсвяткавала на тыдні Першамай. У Магілёве з нагоды свята адбыліся знакавыя мерапрыемствы - абноўлена дошка гонару, спецыяльнымі дыпломамі адзначаны спартсмены, урачы, прамыслоўцы і прадпрымальнікі. А яшчэ на галоўнай плошчы горада прайшоў святочны флэшмоб прадстаўнікоў розных працоўных прафесій. 

Андрэй Ястрабаў пра атмасферу свята. 

25 лепшых у сваёй прафесіі з розных галін. Людзі, якія унеслі значны ўклад у развіццё рэгіёна і краіны ўвогуле. Імёны і прадпрыемствы. СВК "Калгас "Радзіма" Бялыніцкага раёна - сапраўдны сімвал станоўчых змяненняў  у вёсцы. Летась тут сабралі найбольшы ўраджай збожжа – 16,5 тысячы тон. Першымі па краіне сярод сельгаспрадпрыемстваў перайшлі на самафінансаванне. Маўляў, адпаведна працы  і ўзнагарода.

Спецыяльныя дыпломы ўручаны лепшым прадпрымальнікам і пераможцам у намінацыі "Чалавек года". Сярод іх і Юрый Голуб. Гэта за яго мы перажывалі ўсёй краінай на Паралімпіядзе ў Пхёнчхане. У скарбонцы дасягненняў  золата, серабро, бронза - наш гонар. 

Святочны флэшмоб аб’яднаў на галоўнай плошчы Магілёва звыш паўтысячы працоўных розных прафесій. Гэта работнікі малых і буйных прадпрыемстваў, пра якія ведае ўвесь свет дзякуючы ўнікальнай і якаснай прадукцыі: кандытары, праграмісты, прамыслоўцы. 

Паркі горада ператварыліся ў гульнявыя пляцоўкі з канцэртамі, бясплатнымі атракцыёнамі, праменадам на конях. Сэлфі разляцеліся па ўсім свеце, напрыклад, са службовым сабакам.

Сведкамі адкрыцця сезона фантанаў сталі тысячы гараджан і гасцей горада, у  тым ліку і іншаземцы, якія ў захапленні ад таго, як яскрава святкуюць Першамай у Беларусі. 

Духавыя аркестры, танцы пад жывую музыку - традыцыя святкаваць Першамай разам захавалася і ў старэйшага пакалення. Як і сустракацца ў парках з сябрамі і калегамі. Час спатканняў для закаханых цёплымі майскімі вечарамі таксама адкрыты.

Да святкавання Першамая далучыліся і прафсаюзы. У парках на свежым паветры яны частавалі гарачай кашай. А яшчэ  шматлікія віншаванні дзякуючы сацыяльным сеткам мільёнамі разляцеліся па свеце. Менавіта з Магілёва, дзе буйным цветам цвітуць вішні.