У Мінскай вобласці развіваецца прадпрыемства па перапрацоўцы выкарыстаных аўтамабільных і індустрыяльных масел

21 ноября 2015

Вытворчасць запатрабаванай прадукцыі і пры гэтым клопат пра навакольнае асяроддзе. У Мінскай вобласці развіваецца прадпрыемства па перапрацоўцы выкарыстаных аўтамабільных і індустрыяльных масел. Новы завод стартаваў летам ў Крупскім раёне і ўжо дэманструе вынікі. Як жа прамысловыя адходы з дапамогай інвестыцый і сучасных тэхналогій ператварыць у даходы? Аляксей Кандраценка ацаніў экалагічны эфект і эканамічную аддачу беларуска-ізраільскага праекта.

Такі маславоз на звычайнай аўтазапраўцы не сустрэнеш. Рэзервуар грузавіка для збору і транспарціроўкі вадкіх адходаў падзелены на секцыі. Маторнае, індустрыяльнае, трансмісійнае масла адтуль трапіць у ёмістасці для захоўвання і перапрацоўкі. Праўда, перш чым рухацца па заводзе, утыль атрымае зялёнае святло ў лабараторыі. Для гэтага ў распараджэнні маладых спецыялістаў найноўшае абсталяванне.

Згодна з законам, адходы адпрацаваных масел уяўляюць высокі клас небяспекі. Як вынік - іх няправільная ўтылізацыя шкодзіць і здароўю чалавека, і прыродзе.

Для збору масел кампанія заключыла звыш 2 тысяч дагавораў з прадпрыемствамі. Сваю лепту ўносіць і насельніцтва праз сістэму Белкаапсаюза. Сёння максімальная магутнасць перапрацоўкі - больш за 20 тысяч тон сыравіны за год.

У выніку рэцыклінгу масла па сутнасці рэанімуюць. На рынак трапяць ужо новыя тавары, 70 % з якіх замяшчаюць імпарт.

Уся гатовая прадукцыя захоўваецца пад зямлёй. Так больш зручна. Для гэтага прадугледжаны спецыяльныя рэзервуары. Іх максімальны аб’ём 800 тон.

Прадпрыемства ў Крупскім раёне - сумесны беларуска-ізраільскі праект. Агульны аб'ём замежных інвестыцый – больш за 20 мільёнаў долараў.

Згодна з падлікамі, за год у Беларусі назапашваецца звыш ста тысяч тон аўтамабільных і індустрыяльных масел. Сістэма іх рацыянальнай перапрацоўкі паступова ўдасканальваецца. І завод у Крупскім раёне такі тэзіс толькі пацвярджае. У планах прадпрыемства - пашырэнне вытворчасці і больш глыбокая перапрацоўка. Ад гэтага як эканоміка, так і экалогія будуць толькі ў плюсе.