У Гродзенскай вобласці прафсаюзныя тэхнічныя інспектары праводзяць маніторынг сельгаспрадпрыемстваў

16 марта 2019

Адсутнасць спецадзення, неўкамплектаваныя аптэчкі, выкарыстанне небяспечных інструментаў. У Гродзенскай вобласці прафсаюзныя тэхнічныя інспектары праводзяць маніторынг сельгаспрадпрыемстваў падчас вясенне-палявых работ. Галоўная задача праверак - забяспечыць належныя ўмовы працы механізатараў і выключыць выпадкі траўматызму на вытворчасці.

На адным з такіх рэйдаў пабываў і Юрый Карняловіч. Механічная майстэрня сельгаспрадпрыемства "Мастаўчанка" ў спісе праверак тэхнічных інспектараў стаяла на першым месцы. Гаспадарка некалькі гадоў знаходзіцца ў складаным фінансавым становішчы, у адносінах да яе нават дзейнічала працэдура санацыі. Таму сродкаў часам не хапала на самыя элементарныя рэчы. Падчас рэйда былі выяўлены парушэнні і заканадаўства аб ахове працы.

Заўвагі інспектараў кіраўніцтва гаспадаркі абяцае выправіць у найбліжэйшы час. Тут распрацаваны нават план першачарговых задач. Бяспечныя умовы працы - у прыярытэце. Ідэальныя бытавыя ўмовы на мехдвары створаны ў суседняй гаспадарцы "Чарлёна". Аднак і тут ад пільнага вока інспектара парушэнні аховы працы схаваць не ўдалося. Аб некаторых нормах заканадаўства мясцовыя спецыялісты нават не здагадваліся.

Спецыяльная форма, спраўныя інструменты - здавалася б, усё ў поўным парадку. Праўда, колькась тэхнікі на адзін квадратны метр перавышае дазволенае ў некалькі разоў.

Адно з нямногіх парушэнняў, выяўленных у гэтай майстэрні, гэта загрувашчанасць сельскагаспадарчай тэхнікай. Прайсці, напрыклад, ад аднаго трактара да другога без перашкод практычна не магчыма.

Знайсці недапрацоўкі падчас рэйду прафсаюзным інспектарам удалося практычна ва ўсіх гаспадарках. Адны неправільна вялі журналы ўліку, іншыя не укамплектавалі аптэчкі.

У выніку праверкі гаспадаркам Мастоўскага раёна былі вынесены дзясяткі прадпісанняў. Інспектары заяўляюць, што прымяняць штрафныя санкцыі да парушальнікаў не будуць, галоўная задача - сумеснымі намаганнямі выключыць выпадкі траўматызму людзей на працоўных месцах.

Маніторынг сельгаспрадпрыемстваў працЯгнецца да канца вясенне-палявых работ. За гэты час тэхнічныя інспектары плануюць наведаць усе гаспадаркі рэгіёна.