У Гомелі запалілі алімпійскі агонь

6 мая 2017

Вось ужо 14 гадоў у мясцовай гімназіі вынікі спартыўнага года падводзяць у незвычайным фармаце. 11 дзіцячых каманд і 12 камплектаў узнагарод - Алімпійскія гульні хоць і для маленькіх, але эмоцыі і перажыванні як на дарослых. Вольга Халадовіч ацаніла спартыўны патэнцыял гомельскіх гімназістаў.

Гэта толькі па назве гэтыя Алімпійскія гульні дзіцячыя. Падыход да іх цалкам дарослы: сапраўдныя медалі з выкарыстаннем высакародных металаў і свой алімпійскі агонь, які традыцыйна запальваюць у Гомелі ў пачатку мая.

Да вядомага дэвізу “Хутчэй, вышэй, мацней!” гомельскія гімназісты дадалІ сваё - інтэлект, творчасць і здароўе. Алімпійскаму руху ў гэтай гімназіі ўжо 14 гадоў, і спаборніцтвы даўно перасталі быць толькі ўнутрышкольнымі.

Адзінае абмежаванне Алімпіяды - у ёй удзельнічаюць толькі школьнікі другіх-чацвёртых класаў. Таму яе і назвалі малой. Але запал сярод удзельнікаў недзіцячы.

Тут спаборнічаюць у класічных алімпійскіх дысцыплінах - бегу, скачках у даўжыню і лёгкаатлетычнай эстафеце. За гады правядзення гульняў у гімназіі сотні ўласных алімпійскіх чэмпіёнаў.

Проста скокнуць вышэй або кінуць далей мала. Каб другакласнікі былі на роўных з вучнямі чацвёртых класаў, распрацавана спецыяльная шкала каэфіцыентаў.

Сярод гімназістаў ужо нямала прызёраў розных міжнародных спаборніцтваў, напрыклад, чэмпіёнка свету па веславанні на байдарках і каноэ Дарына Касцючэнка. І не выключана, што аднойчы лепшыя маленькія спартсмены з Гомеля будуць слухаць беларускі гімн на сапраўдных Алімпійскіх гульнях.