У Брэсце пачала працаваць стартап-школа

10 сентября 2016

Ад ідэі - да ўласнага бізнесу. У Брэсце пачала працаваць стартап-школа, арганізатар - Брэсцкі мясцовы фонд рэгіянальнага развіцця. У незвычайнай школе ахвочых будуць вучыць ствараць і рэалізоўваць бізнес-ідэі.

На першым занятку пабывала і наш карэспандэнт Людміла Салдзіна. Студэнт фізіка-матэматычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта імя Пушкіна Аляксей Гушча займаецца вывучэннем мікракантролераў. Гэтыя мікрасхемы займаюць юнака невыпадкова.

Як увасобіць ідэю ў жыццё, юнак пакуль не ведае. Таму і прыйшоў у стартап-школу.

Пачынаць свой бізнес няпроста. Адной ідэі ў галаве мала. Неабходна прадумаць бізнес-мадэль, скласці граматны бізнес-план для інвестараў і, зразумела, сабраць крэатыўную каманду. Усёй гэтай прадпрымальніцкай навуцы ініцыятыўных брастаўчан будуць вучыць у стартап-школе.

Гэта новы некамерцыйны праект Брэсцкага мясцовага фонда рэгіянальнага развіцця. Яго мэта - дапамагаць запускаць і развіваць бізнес, павышаць дзелавую актыўнасць насельніцтва.

У ролі настаўнікаў у стартап-школе выступаюць прадпрымальнікі, якія на ўласных поспехах і памылках навучыліся запускаць бізнес.

Заняткі ў стартап-школе пачаліся з інтэнсіўнага курсу, дзе ўдзельнікам трэба будзе прайсці шлях ад ідэі да стартапа ўсяго за дзевяць з паловай тыдняў. А завершыцца вучоба “Днём інвестара”. Ужо сёння да крэатыўнай моладзі прыглядаюцца партнёры праекта - кіраўнікі шэрагу кампаній.

У самых ініцыятыўных удзельнікаў стартап-школы ў перспектыве ёсць магчымасць стаць рэзідэнтамі Брэсцкага навукова-тэхналагічнага парка.

Да канца года ў стартап-школе плануюць апрабаваць да дзясятка ідэй, з якіх кожная можа ператварыцца ў бізнес. І, магчыма, хтосьці з гэтых маладых людзей трапіць у спіс самых паспяховых прадпрымальнікаў краіны.