Гарадскі квартал XIII стагоддзя знаходзіцца ў Брэсце

28 октября 2017

Адзіны ў Еўропе музей, дзе можна ўбачыць гарадскі квартал XIII стагоддзя, знаходзіцца ў Брэсце. Зараз спецыялісты працуюць над яго рэканструкцыяй. Пытанне пашырэння экспазіцыі і захавання драўляных будынкаў у цэнтры ўвагі, таму рамонтныя работы вядуцца ў некалькі этапаў. Першая мадэрнізацыя завершана. Музей адкрыты для наведвальнікаў. Як надоўга, ведае наш карэспандэнт Вікторыя Патоня.

Археалагічны музей у Брэсце ўнікальны. За час існавання яго наведалі больш за 3 мільёны турыстаў з амаль сарака краін свету. Зараз мы знаходзімся ў раскопе на глыбіні 4 метры. Побач сярэдневяковы драўляны горад на 12 вянкоў. Каб захаваць старажытныя вуліцы, тут неабходна пастаянна падтрымліваць тэмпературны і вільготнасны рэжымы. Таму пры рэканструкцыі музея гэтаму факту надаецца асаблівая ўвага.

Археалагічны музей знаходзіцца на месцы старажытнага Бярэсця. У раскопе аснова экспазіцыі. Частка рамесніцкага квартала XIII стагоддзя з будынкамі з сасны і дуба. Гэта адзінае месца ў Еўропе, дзе можна ўбачыць, якімі былі архітэктура і побыт нашых продкаў у той час. Усяго ў фондах захоўваецца больш за 40 тысяч знаходак. Сярод каштоўных рарытэтаў - дубовае рала, кавалак тканіны, жаночы грэбень. Захаваць унікальны драўляны дзядзінец - задача няпростая. Гэта пацвярджаюць прафесіяналы-рэстаўратары, якія нярэдка звяртаюцца да брэсцкіх калег па кансультацыю і вопыт.

Зараз музей паступова абнаўляецца. На першым этапе рэканструкцыі шкляны фасад з алюмініевай арматурай замянілі на аднакамерныя шклопакеты. Гэта дае магчымасць палепшыць вентыляцыю і ўмацаваць сцены. Вакол раскопу ўзмацнілі поручні і ўсталявалі сістэму відэаназірання. Зменіцца і экспазіцыя. Яна стане больш відовішчнай і дазволіць наведвальнікам апынуцца ў мінулым.

Экспанаты ў 14-ці залах размяшчаюцца па калекцыях. Гэты прынцып будзе захаваны і пасля рамонту. “Ажывяць” пакоі скульптуры берасцейцаў. А з галаграмай купца старажытнага Бярэсця можна будзе і патаргавацца. Акцэнт пры рэканструкцыі музея зробяць на падсвятленні і вентыляцыі.

Зараз музей адкрыты для наведвальнікаў. Другі этап капітальнага рамонту запланаваны на наступны год. Абноўлены музей паўстане да тысячагоддзя горада.