Таленавітаму выкладчыку прафесару Віктару Таранцею споўнілася 70 гадоў

12 марта 2016

Праца ва ўніверсітэце амаль 40 гадоў, кіраўніцтва педагагічным факультэтам, грунтоўныя навуковыя работы і падрыхтоўка маладых даследчыкаў Беларусі і замежжа. Гродзенскага прафесара Віктара Таранцея па праве можна назваць прыкладам адданасці справе свайго жыцця. Днямі таленавітаму выкладчыку споўнілася 70 гадоў.

Расказвае Вольга Капковіч.

На кафедры педагогікі Купалаўскага ўніверсітэта - госці з Казахстана: магістранты і дактаранты. Для адных прафесар Таранцей выступае ў якасці навуковага кіраўніка, для іншых - замежнага кансультанта.

Днямі таленавітаму выкладчыку споўнілася 70 гадоў. У такім паважаным узросце прафесар актыўна карыстаецца Інтэрнэтам - а як інакш рэгулярна кансультаваць іншаземцаў.

Ва ўніверсітэце Віктар Пятровіч з 1979 года. Прафесійных сакрэтаў для гэтага чалавека, здаецца, не існуе. Аднак спыняцца ў развіцці, прызнаецца прафесар, не дазваляе студэнцкая моладзь.

Дарэчы, сам Віктар Таранцей абараніўся датэрмінова - за год да заканчэння аспірантуры. Сёння дзякуючы свайму вопыту доктар педагагічных навук упэўнены: многае залежыць ад таго, хто вучыцца, і не менш - ад таго, хто вучыць. Кампетэнтнасць і харызма - вось складальнікі, без якіх увагай студэнтаў выкладчыку не завалодаць.

Спаць 5-6 гадзін за суткі, чытаць кожны дзень і абавязкова падарожнічаць. Для Віктара Таранцея гэта стала нязменным правілам. У свае 70 юбіляр вядзе актыўны лад жыцця, займаецца навукай. І галоўнае, сваім каласальным вопытам і ведамі таленавіты выкладчык працягвае штодзень дзяліцца з моладдзю.