Падзеі Гродзенскага рэгіёна

30 марта 2019

300 студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы будуць задзейнічаны падчас ІІ Еўрапейскіх гульняў. Будаўніцтва станцый абезжалезвання вады актыўна вядзецца ў Гродзенскай вобласці. І творчыя калектывы Прынёмання рыхтуюцца да святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі. Гэтыя і іншыя падзеі рэгіёна - у дайджасце.

300 студэнтаў-купалаўцаў будуць задзейнічаны падчас ІІ Еўрапейскіх гульняў. Плануецца, што ім давераць больш за 20 кірункаў дзейнасці - гэта лагістыка, работа са СМІ, медыцынскае абслугоўванне. Спецыяльна для каардынацыі навучання студэнтаў на базе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта створаны Цэнтр падрыхтоўкі валанцёраў. Патрабаванні да юнакоў і дзяўчат самыя сур’ёзныя. Увага да валодання замежнымі мовамі, арганізатарскіх здольнасцяў, добразычлівасці. І асноўнае - жаданне актыўна працаваць. Чакаецца, што ўжо з мая 300 гродзенскіх валанцёраў прыступяць да трэнінгаў. 

У Гродзенскай вобласці рэалізуецца дзяржпраграма "Чыстая вада". Актыўна ідзе будаўніцтва станцый абезжалезвання. Сёлета ачышчальныя станцыі з’явяцца ў 45 населеных пунктах рэгіёна, у комплексе з водаправоднымі сеткамі, артэзіянскімі свідравінамі і воданапорнымі вежамі. Задача - поўнасцю забяспечыць жыхароў вобласці чыстай пітной вадой - будзе вырашана да 2025 года. Першы сёлета аб’ект быў уведзены у эксплуатацыю ў Шчучыне. 

У Гродне падвялі вынікі занятасці школьнікаў падчас вясновых канікул. 8 тысяч маленькіх гродзенцаў наведалі прышкольныя лагеры. Такая форма занятасці з кожным годам набывае усё большую папулярнасць. Дзеці з карысцю правялі вольны час, наведвалі факультатывы і спартыўныя секцыі пры школах. Былі і тыя, хто рыхтаваўся да алімпіяд у тэматычных лагерах. Плануецца, што ў наступным годзе колькасць дзяцей, занятых падчас канікул, павялічыцца ў два разы.

Творчыя калектывы Прынёмання актыўна рыхтуюцца да святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі. Распрацоўваюць новыя ваенна-патрыятычныя праграмы і пастаноўкі. Напрыклад, вядомы калектыў тэатра "Рада" актыўна рэпеціруе прэм’еру спектакля, прысвечаную падзеям Вялікай Айчыннай вайны і гераізму ваеннага пакалення. 

Да прэм’еры праграмы "Дарогамі вайны" застаецца крыху больш як месяц. Упершыню гродзенская публіка ўбачыць яе 9 мая, у Дзень Перамогі.