Школьнікі з усіх раёнаў Гомельскай вобласці спаборнічаюць у ваенна-патрыятычнай гульні "Зарніца"

10 июня 2017

Праявіць інтэлект, спрыт, кемлівасць і прадэманстраваць фізічную форму. Школьнікі з усіх раёнаў Гомельскай вобласці спаборнічаюць у ваенна-патрыятычнай гульні "Зарніца". Яна накіравана на духоўна-маральнае і фізічнае развіццё.

Што думаюць наконт сучаснай "Зарніцы" яе ўдзельнікі, даведалася Вольга Халадовіч.

Яны называюць усім вядомую "Зарніцу" модным сёння словам "квест". Таму што для дзяцей гэта выдатная магчымасць бавіць час у добрай кампаніі, даведацца, што такое рэальныя прыгоды.

Гэта і конкурсы баявых лісткоў, і практыкаванні па агнявой падрыхтоўцы. Ну і, вядома, традыцыйныя гульні і песні ля вогнішча.

Маляўнічы бераг Дняпра, 25 каманд і самыя розныя выпрабаванні. "Зарніца-2017" – гэта, бадай, самы цікавы пачатак летніх канікул. Перамагчы жадаюць усе школьнікі, але галоўнае тут – камандны дух і пачуццё сяброўства.

Сёлета іх больш за 250 чалавек – прадстаўнікі ўсіх раёнаў Гомельскай вобласці. Сярод выпрабаванняў ваенна-прыкладныя, турысцкія і спартыўныя. А таксама інтэлектуальныя - на веданне гісторыі Беларусі.

Дарэчы, сёлета ў гульні падвойны юбілей. 50 гадоў таму яе ўпершыню правялі ў Савецкім Саюзе. І 5 гадоў як аднавілі ў Гомельскай вобласці. І зараз, праз паўстагоддзя, яна не страціла сваёй захапляльнасці і актуальнасці.

Ваенныя песні, агляд-строй, гістарычныя турніры і ўменне арыентавацца на мясцовасці. Кожны дзень "Зарніцы" – гэта розныя эстафеты і конкурсы. Па словах удзельнікаў ваенна-патрыятычных спаборніцтваў, гэта выдатны спосаб праявіць сябе. А веды і навыкі, адпрацаваныя падчас гульні, могуць спатрэбіцца і ў звычайным жыцці.