Самая вялікая калекцыя фартушкоў у свеце

6 мая 2017

У гэтым беларускім музеі самая вялікая калекцыя фартушкоў у свеце. А ўсімі экспанатамі - прадметамі побыту і рамёстваў - і сёння карыстаюцца. Турыстам прапануюць не проста паглядзець экспазіцыю, але і самім паспрабаваць апрацаваць лён, змалаціць збожжа і саткаць свой ручнік. З унікальнага музея на Палессіі рэпартаж Вікторыі Патоні.

У гэтым незвычайным палескім музеі на экспанаты можна не толькі паглядзець, а і праверыць іх на справе. Экспазіцыя адкрытая. Многім прадметам больш за стагоддзе, а яны і дагэтуль выкарыстоўваюцца. Каб адчуць сябе сапраўдным палешуком, турысты могуць і пераапрануцца.

Пачэснае месца ў экспазіцыі займае калекцыя фартушкоў - самая вялікая ў Беларусі. Налічвае больш за 300 экзэмпляраў. Мясцовыя жанчыны без гэтага атрыбута гардэробу нават не выходзілі на вуліцу!

У кожнай паненкі было не менш за 10 фартушкоў. На любы выпадак: вяселле, хрэсьбіны, дажынкі. Нявестам павязвалі беласнежны фартушок як сімвал чысціні. Наогул мясцовыя майстрыхі асабліва славіліся вырабамі з лёну. Працэс апрацоўкі складаны. Расліну церабілі, вычэсвалі да апошняй пылінкі. А з кужэльнага валакна ткалі. Гэтыя традыцыі тут жывуць і сёння. Супрацоўніца музея Ніна Янушчык за ткацкім станком з дзяцінства. Сакрэты рамяства раскрывае мясцовым школьнікам і турыстам. Самае складанае, кажа майстрыха, - заправіць кросны. Гэта амаль матэматычная задача, на рашэнне якой можа пайсці не адзін дзень.

Жонку з Бездзежа заўсёды пазнавалі па льняным адзенні. Нітка была тонкая, а палатно бялюсенькае. І ў гэтым таксама свае сакрэты. Летам лён выбельвалі на сонцы, а зімой - бярозавым попелам і кіпенем.

У Бездзежы ёсць і жывыя экспанаты: сялянскае падвор’е. Тут навучаць жывёлу даглядаць, даіць казу і здабываць мёд з борцяў. У сялянскай хаце пачастуюць мясцовымі стравамі, прыгатаванымі па бабуліных рэцэптах, у печцы, а таксама фірменнай стравай бездзежцаў - макухай. Перацёртае насенне лёну выкарыстоўваецца як прыправа. Гэты комплекс цяжка назваць музеем: тут усё жывое, не бутафорскае. А каб дакрануцца да самабытнай Беларусі, сюды едуць турысты з розных куткоў зямнога шара.