Першыя агуркі з цяпліц Кіраўскага раёна з’явіліся ў продажы

27 февраля 2016

У мінулым сезоне ў мясцовай гаспадарцы сабралі больш як 4 тысячы тон свежай прадукцыі. Вітаміны тут атрымліваюць па сучасных тэхналогіях - без хімікатаў і з дапамогай ізраільскіх чмялёў. Падрабязнасці ў Хрысціны Каранкевіч.

Следам за агуркамі ў цяпліцах хутка паспеюць таматы. Іх чакаюць у сярэдзіне сакавіка. Плануецца, што попыт на свежую гародніну будзе - яна заўсёды запатрабаваная. Так, у “Рассвете” ад продажу першай прадукцыі кампенсуюць выдаткі на электра- і цеплаэнергію ў цяпліцах.

1 200 спецыяльных лямпаў асвятляюць паўгектара новай цяпліцы гаспадаркі. Менавіта тут збяруць першы ўраджай памідораў.

Таматы і агуркі пасеялі своечасова і разлічваюць на добры ўраджай. Летась менавіта памідоры далі прыбаўку амаль 2 кілаграмы з квадратнага метра. І хаця спецыялісты скардзяцца на маласонечныя дні, у “рассветаўскіх” цяпліцах пануе летні настрой.

У цяпліцах працуюць чмялі. Яны, дарэчы, імпартныя: тры дзясяткі чмяліных сем’яў закупілі ў Ізраілі. Працы для іх нямала. Гэтымі днямі ў цяпліцы прайшлі апошнія пасадкі: 12 тысяч каліваў таматаў.

Згодна з сучаснымі тэхналогіямі, у цяпліцах цяпер увогуле няма зямлі - толькі спецыяльная вата. У “Рассвете” адмовіліся ад хімікатаў, а ў барацьбе са шкоднікамі выкарыстоўваюць толькі біялагічныя метады.

Першая прадукцыя гэтага сезона - зялёная цыбуля - у продаж ужо паступіла. Зараз гаспадарка разлічвае на прыбытак ад продажу свежых агуркоў і памідораў.