Аздараўленне японскіх дзяцей на базе "Пралескі"

27 февраля 2016
Японія разглядае магчымасць аздараўлення дзяцей з пацярпелай прэфектуры Фукусіма ў аздараўленчым цэнтры пад Жлобінам. Вопыт такога супрацоўніцтва ўжо ёсць: па запрашэнні Беларусі японскія дзеці некалькі разоў пабывалі ў лагеры "Зубраня" на Нарачы. Што сёлета прапануюць японскім дзецям жлобінскія педагогі - высвятляў Яўген Пабалавец.

За адну змену тут прымаюць 480 дзяцей з усіх раёнаў Гомельскай вобласці. Аздараўленчы цэнтр "Пралеска" пад Жлобінам ужо трэці год запар у тройцы лідараў сярод беларускіх дзіцячых санаторыяў. Кожная змена тут мае сваю назву. Напрыклад, гэта - “Дзеці сонца”. Усё зроблена так, каб малыя адчувалі сябе максімальна ўтульна і камфортна.

Да чарнобыльскай аварыі тут быў звычайны піянерскі лагер на 200 месцаў, які працаваў толькі летам. Потым па праграме пераадолення наступстваў ад аварыі пры сур’ёзнай фінансавай падтрымцы дзяржавы стварылі сучасны аздараўленчы цэнтр. Толькі ў мінулым годзе ў такіх санаторыях, а іх у нашай краіне 9, адпачылі больш за 60 тысяч дзяцей. Кожны год тут абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база.

Дзеці не толькі праходзяць працэдуры, з імі тут знаходзяцца і педагогі са школы ці дзіцячага садка. Вучоба не спыняецца. Жыццё арганізавана строга па раскладзе.
За тры дзесяцігоддзі, што прайшлі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, інфраструктура беларускіх аздараўленчых цэнтраў значна палепшылася, вопыт набылІ і педагогі. Акрамя неабходных працэдур па праграме аздараўлення, дзецям прапануюць і культурныя мерапрыемствы.

На працягу адной змены, а гэта 24 дні, дзеці не толькі праходзяць працэдуры, але і бавяць час у гульнёвых пакоях. Тут іх знаёмяць з беларускай культурай, развіваюць дробную маторыку рук, а таксама выхоўваюць музычны густ.

Дзеці з Фукусімы адпачнуць у гомельскім цэнтры ўжо сёлета. І гэта не першы такі вопыт. Па запрашэнні Беларусі японскія дзеці некалькі разоў адпачывалі ў Мінскай вобласці.