Ордэн Чырвонай Зоркі, страчаны пасля Перамогі, вярнуўся ў сям'ю франтавіка

6 августа 2016

І праз 71 год пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны адкрываюцца яе таямніцы. У Гомельскай вобласці ордэн Чырвонай Зоркі, страчаны пасля Перамогі, вярнуўся ў сям'ю франтавіка.

Настасся Кучынская наведала родных ветэрана і пабывала на раскопках, якія праводзяць на месцах ваенных дзеянняў. Барыс Коршыкаў нарадзіўся ў Рагачоўскім раёне. З самага пачатку вайны трапіў на фронт. У складзе 132-й стралковай дывізіі прымаў ўдзел у Курскай бітве, дайшоў да Берліна. Франтавік памёр у 1950 годзе. Яго чацвёра дзяцей тады былі малыя, таму ўспамінаў пра бацьку засталося няшмат.

Бацькоўская хата сям’і Коршыкавых згарэла. Усе ўзнагароды бацькі і фотакарткі знішчыў агонь. У родных ветэрана засталося толькі некалькі здымкаў. А бацькоўскі ордэн Чырвонай Зоркі знайшоўся толькі праз 70 гадоў пасля вайны.

Яго прынёс у ваенкамат жыхар Жлобіна. Потым высветлілася, франтавік атрымаў ордэн у 45-м. Імаверна, за удзел у Берлінскай аперацыі. На тэрыторыі баёў і зараз працуюць шукальнікі. Недалёка ад вёскі Чацвярня, дзе ў 41 годзе ўпершыню быў ажыццёўлены контрудар па гітлераўскай арміі.

Вось на гэтым месцы ў 1941 годзе 63-ці корпус пад камандаваннем генерал-лейтэнанта Леаніда Пятроўскага прарываўся з акружэння. Ішлі жорсткія кровапралітныя баі. Часу і магчымасці на тое, каб пахаваць забітых, проста не было. І многія байцы на 75 гадоў засталіся на сваіх агнявых рубяжах.

Разам з 52-м асобным спецыялізаваным пошукавым батальёнам Мінабароны Беларусі працуюць і калегі з Расіі.

Родныя ветэрана ўпэўнены, што пакуль будуць працаваць шукальнікі, знойдзецца не адзін медаль, адкрыецца не адна франтавая гісторыя. І з'явіцца яшчэ не адно імя героя Вялікай Айчыннай вайны.